У Мінску пакажуць забароненыя фільмы з незвычайнымі саўндтрэкамі

Прэзентацыя ўнікальнага музычна-кінематаграфічнага праекта «Тузін.Немаўля» адбудзецца ў Мінску 22-25 лістапада. У яго межах музыкі ўжывую агучаць старыя беларускія фільмы. Гурт Re1ikt узяўся за стужку «У агні народжаная», Сяргей Пукст за «Кастуся Каліноўскага», а беларуска-польскі гурт Ilo&friends за «Прастытутку”, якая спрачаецца з «Лясной быллю» за першаснасць у беларускім кіно.

Як расказаў кіраўнік праекту Сяргей Будкін, музыкі былі поўнасцю вольнымі ў напісанні музыкі, і не проста агучвалі, але і асэнсоўвалі матэрыял. Так, напрыклад, Аляксандр Дземідзенка расказаў, што гурт Re1ikt працаваў над саундтрэкам з лютага 2012 года. Можна сказаць, што, як бы гэта не банальна гучала, музыкі ўклалі ў матэрыял сваю душу. Вядомы тэлевядучы Сяргей Філімонаў, які таксама прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, азначыў вельмі ўдалую агучку гуртом «псіхадэлічных» пошукаў кветкі шчасця.
http://www.youtube.com/watch?v=c-oGH5BXPbE
Сяргей Пукст таксама вельмі сур’ёзна падышоў да справы. Ён убачыў у сваёй стужцы не толькі гераічныя, але і рамантычныя вобразы, якія вырашыў перадаць у сваёй музыцы. У выніку Сяргей стварыў некалькі варыянтаў агучкі. Першы ўжо давялося пачуць слухачам ў Беластоку, а другі будзе прадстаўлены ў Мінску. Дарэчы, гэты варыянт будзе сюрпрызам нават для Сяргея Будкіна.
http://www.youtube.com/watch?v=t6PVRQHOYP0
Сяргей Філімонаў азначыў цікавы момант, што гэтыя фільмы былі ў свой час забароненыя. Бо стужка «У агні народжаная» асвячае станаўленне беларускай рэспублікі, а тая ж «Прастытутка» таксама кранае такія тэмы, якія ў савецкі час лепш было не чапаць.

На прыканцы сустрэчы на арганізатары і музыкі адказвалі на пытанні журналістаў. Сярод іх, канешне, былі планы на будучыню. Сяргей Будкін падзяліўся сваімі марамі. Па-першае ён узгадаў яшчэ чатыры стужкі (на жаль, назвы іх не прагучалі), якія на палічцы чакаюць свае гурты. Агучыць іх – самая важная задача праекта на пэўны момант.

Таксама сярод мараў кіраўніка праекту было правядзенне фестывалю, выступы ў іншых гарадах Беларусі. Але, на жаль, гэта пакуль што амаль нельга ажыццявіць. Бо «Тузін. Немаўля», як паказвае Інтэрнэт, не вельмі цікавіць людзей, а толькі пэўную «дыяспару”.

Таксама Сяргей Будкін распавёў, што жадаў бы правесці агучванне авангардных стужак у старым кінатэатры «Авангард», а таксама ў тэатры імя Горкага, на месцы якога раней быў кінатэатр, дзе мінчане ўбачылі першы беларускі фільм.

Нагадаем, што кінаканцэрты пройдуць 22, 24 і 25 лістапада. На іх таксама можна будзе ўбачыць і пачуць экслюзіўны сэт ад гасцей з Польшчы, гурта Ilo&friends, і пабываць на выставе афіш старых беларускіх фільмаў.