Вядомы ў Беларусі ды па-за яе межамі журналіст, адзін з заснавальнікаў нацыянальнага рок-руху, Анатоль Мяльгуй памёр ад сардэчнага прыступу ў Мінску 22 красавіка.
Паплечніку Вітаўта Мартыненкі, які адышоў год таму ў выніку цяжкой хваробы, было 59 гадоў.
Разам з сябрам яны рупіліся на ніве беларускага року: стварылі рок-клуб “Няміга”, старшынёй якога ў 1986 годзе быў абраны Анатоль Мяльгуй, напісалі і выдалі кнігі “Праз рок-прызму” (New York, 1989), “222 альбомы беларускага року і ня толькі” (Мінск, 2006).
Апошнія гады Анатоль Мяльгуй супрацоўнічаў з газетай “Новы Час” як журналіст і музычны крытык. Ён пільна сачыў за мастацкім працэсам у Беларусі, надаючы асабліваю ўвагу нацыянальнай цяжкой сцэне.
Анатоль Мяльгуй нарадзіўся 14 снежня 1957 года ў Мінску. У 1989-м скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў карэспандэнтам газеты “Чырвоная змена”.
Удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў «Тры колеры-І» (1986) і «Тры колеры-ІІ» (1987).
У 2007 годзе узнагароджаны міністэрствам замежных спраў Чэшскай Рэспублікі медалём імя Яна Масарыка “…у падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў”.