«Закаханы фэст», прымеркаваны да Дню святога Валянціна прайшоў у мінскім клубе Re:public 13 лютага.
І хоць закаханых ды тых, хто збіраецца імі стаць (як дасціпна выказаўся бас-гітарыст гурта Rokash), у клубе сабралося не тое каб шмат, карцэрт атрымаўся сапраўды святочны.
Гурты падабраліся на любы густ: «Лютавер’е» ды Omut — для суворых фолк-металістаў, Rosy ды Rokash — для блюз-фолк-летуценнікаў, Pawa — для аматараў дыскатэчнай рамантыкі, Unia — для прыхільнікаў скокаў на злом галавы.
Весялосці падзеі, як мог, паддаваў і вядоўца фэсту Ілля Маліноўскі. Каб запоўніць паўзы паміж выступамі, ён зладзіў некалькі конкурсаў.
У першым тры пары-удзельніцы павінны былі па чарзе пяшчотна называць адно аднаго аж пакуль хапіла словаў. У другім публіку папрасілі назваць узор, які стаўся эмблемай фэсту — «Каханне ў росквіце».
Што тычыцца гуртоў, дык на святочнай тэматыцы найбольш «паспекулявалі» хлопцы ды дзеўкі з гурта Unia, якія раздорвалі са сцэны «валянтынкі», абвяшчалі белы (ці не белы?) танец, і канешне, павіншавалі сваю дырэктарку Ларысу Дзмітрыеўну.
Зрэшты, і Rokash не абзялілі наведнікаў «Закаханага фэсту», не толькі падараваўшы ім колькі ўдалых жартаў кшталту «наша наступная кампазіцыя «Ваўкалак» пра любоў… да мяса», але і прэзентаваўшы новую песню, а таксама дыск «Kliatva viernasci» мінскага postmodern metal-гурта Like a Gossamer, у запісе якога ўдзельнічалі гітарыст Rokash Алесь Акульчык ды вакалістка Паліна Дулінец.
Грэх было выходзіць на сцэну без «падарунка» і заўзятарам палескага folk metal з гурта Omut: музыкі абвясцілі пра тое, што неўзабаве з’явіцца іх дэбютны альбом. Ну і, уласна, прадэманстравалі, чаго варта ад яго чакаць.