“Закаханы фэст” у Мінску. Рэпартаж + відэа

"Закаханы фэст" у Мінску. Рэпартаж + відэа“Закаханы фэст”, прымеркаваны да Дню святога Валянціна прайшоў у мінскім клубе Re:public 13 лютага.

І хоць закаханых ды тых, хто збіраецца імі стаць (як дасціпна выказаўся бас-гітарыст гурта Rokash), у клубе сабралося не тое каб шмат, карцэрт атрымаўся сапраўды святочны.

Гурты падабраліся на любы густ: “Лютавер’е” ды Omut – для суворых фолк-металістаў, Rosy ды Rokash – для блюз-фолк-летуценнікаў, Pawa – для аматараў дыскатэчнай рамантыкі, Unia – для прыхільнікаў скокаў на злом галавы.

Весялосці падзеі, як мог, паддаваў і вядоўца фэсту Ілля Маліноўскі. Каб запоўніць паўзы паміж выступамі, ён зладзіў некалькі конкурсаў.

У першым тры пары-удзельніцы павінны былі па чарзе пяшчотна называць адно аднаго аж пакуль хапіла словаў. У другім публіку папрасілі назваць узор, які стаўся эмблемай фэсту – “Каханне ў росквіце”.

Што тычыцца гуртоў, дык на святочнай тэматыцы найбольш “паспекулявалі” хлопцы ды дзеўкі з гурта Unia, якія раздорвалі са сцэны “валянтынкі”, абвяшчалі белы (ці не белы?) танец, і канешне, павіншавалі сваю дырэктарку Ларысу Дзмітрыеўну.

Зрэшты, і Rokash не абзялілі наведнікаў “Закаханага фэсту”, не толькі падараваўшы ім колькі ўдалых жартаў кшталту “наша наступная кампазіцыя “Ваўкалак” пра любоў… да мяса”, але і прэзентаваўшы новую песню, а таксама дыск “Kliatva viernasci” мінскага postmodern metal-гурта Like a Gossamer, у запісе якога ўдзельнічалі гітарыст Rokash Алесь Акульчык ды вакалістка Паліна Дулінец.

Грэх было выходзіць на сцэну без “падарунка” і заўзятарам палескага folk metal з гурта Omut: музыкі абвясцілі пра тое, што неўзабаве з’явіцца іх дэбютны альбом. Ну і, уласна, прадэманстравалі, чаго варта ад яго чакаць.