Уладзімір Бярбераў (“Ліцвіны”): Новы альбом ужо існуе ў маёй галаве. Інтэрв’ю

Фоторепортаж с фестиваля "Камяніца"З гуртоў, якія выступалі сёлета на “Камяніцы”, ні адзін не зрабіў для беларускай народнай культуры больш за “Ліцвінаў”. На жаль, пасля 1998 года звестак пра іх амаль няма. Таму кожны выступ гурта – найкаштоўнейшы падарунак для слухачоў.

Карэспандэнту Metalscript.Net пашчасціла пагутарыць з лідарам “Ліцвінаў” Уладзімірам Бярберавым і распытаць яго пра «Камяніцу», новы альбом і апошнія дзесяцігоддзі ў гісторыі гурта.

– “Ліцвіны” задаволеныя «Камяніцай»?

– Прыемны фэст, прыемны. Калі вы хочаце, каб мы параўналі «Камяніцу» сёлета з папярэднімі гадамі, то “Ліцвіны” могуць толькі адно адказаць: у папярэднія гады “Ліцвіноў” тут не было, а цяпер – ёсць. Для нас такая розніца.

– Сёлета на «Камяніцы» выступаюць гурты з Расіі і Канады. Як вы лічыце, ці важна, каб «Камяніца» набыла міжнародны статус?

– Я лічу, што гэта вельмі добра! Просто трэба, каб не забыліся, што больш за ўсё трэба беларускіх гуртоў і крышку – замежных. А то такое ўражанне, што ў іншых галінах, у шоў-бізнэсе, напрыклад, выступаюць толькі замежныя, а пра беларусаў і забыліся ўволгуле.

– Што вы думаеце пра конкурс народных строяў, а таксама пра акцыю, паводле якой людзі, апранутыя ў народную вопратку, маглі пабываць на «Камяніцы» бясплатна?

– Мне здаецца, што гэта выдатная ідэя. Яе трэба запомніць, зберагчы, і, можа, калі-небудзь падказаць арганізатарам нейкага іншага фэста.

– “Ліцвіны” сталі адным з першых гуртоў, якія распачалі адраджэнне беларускай культуры ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. А вы задаволеныя цяперашняй сітуацыяй у культуры і асабліва ў музыцы?

– Першым гуртом гэтага стылёвага накірунку стала “Дзяніца”, а пасля ўжо “Ліцвіны”. Але як канкрэтна другі гурт мы можам прааналізаваць сітуацыю.

Ці задаволеныя мы? І так, і не. Добра, што тыя цяжкасць, якія існавалі ў наш час, цяпер можна лёгка пераадолець. Раней, напрыклад, было нялёгка нават знайсці людзей. А цяпер іх рыхтуюць па гэтых спецыяльнасцях.

Але што мне не падаебаецца… Мне не падабаецца тое, што цяпер адбываецца перарыванне традыцый. Разумееце, калі мы пачыналі, мы яшчэ слухалі ў вёсках бабулек, дзядулек, слухалі, як гэта наогул гучыць.

А тыя музыканты, якія цяпер пачынаюць, на жаль, гэта чуюць толькі ў запісах. А запісы таго часу, трэба адзначыць, былі вельмі няякаснымі. Бо не было ў фалькларыстаў добрай апаратуры. Вось мы і слухаем, быццам бы, і не чуем дакладна, як гучыць.

Мы, тыя людзі, якія запісвалі ўсё гэта, чуем і разуем, як гэта павінна гучаць. А цяперашняя моладзь можа толькі здагадывацца.

Усё пайшло нармальна, толькі позна. Каб гэты працэс распачаўся раней, каб гэтая пераемнасць не перарвалася, каб уся моладзь вучылася ад тых прадстаўнікоў традыцый, як і мы, усё было бы вельмі добра.

– Чым быў выкліканы перапынак у дзейнасці гурта?

– Мы заўсёды існавалі. Але некалькі разоў нейкія людзі вырашалі, што мы ідэалагічна шкодныя, таму “Ліцвіны” на час знікалі. Потым зноў з’яўляліся, але зноў – ненадоўга.

А так мы былі заўсёды. Калі тут не давалі выступаць, мы ўсё роўна выступалі ў Расіі, Польшчы.

– Вось вы зноў вярнуліся. У вашых планах ці няма запісу чарговага альбома?

– Абавязкова. Ёсць задума, паглядзім, як усё складзецца. Адзін альбом ужо нават у галаве існуе. Мы бачым, якім ён павінен быць, з чаго ён будзе пачынацца, што за чым павінна ісці і як закончыца. Застаецца толькі здзейсніць. Але ж гэтае толькі…

Спадзяюся, новы альбом будзе. І гэта не залежыць ад таго, што хтосьці думае пра нашу музыку. У мяне ёсць невялічкая парада: каб што-небудзь уяўляць пра наш матэрыял, яго трэба паслухаць.

– Вы назіраеце за сучаснай беларускай фолк-сцэнай? Можа, вылучаеце для сябе нейкія гурты?

– За адносна маладымі назіраю. Вось каго я ведаю: “Палац”, “Юр’я”, “Крыві”, “Троіца”. З тых, хто выступае на «Камяніцы»:  Наста Някрасава і FolkRoll. Мне надта падабаецца гэты гурт, таму хацелася б «адлавіць» іх да выступу.

А з тых, хто сёлета з’явіліся, дакладна не ведаю…