З гуртоў, якія выступалі сёлета на “Камяніцы”, ні адзін не зрабіў для беларускай народнай культуры больш за “Ліцвінаў”. На жаль, пасля 1998 года звестак пра іх амаль няма. Таму кожны выступ гурта – найкаштоўнейшы падарунак для слухачоў.
Карэспандэнту Metalscript.Net пашчасціла пагутарыць з лідарам “Ліцвінаў” Уладзімірам Бярберавым і распытаць яго пра «Камяніцу», новы альбом і апошнія дзесяцігоддзі ў гісторыі гурта.
– “Ліцвіны” задаволеныя «Камяніцай»?
– Прыемны фэст, прыемны. Калі вы хочаце, каб мы параўналі «Камяніцу» сёлета з папярэднімі гадамі, то “Ліцвіны” могуць толькі адно адказаць: у папярэднія гады “Ліцвіноў” тут не было, а цяпер – ёсць. Для нас такая розніца.
– Сёлета на «Камяніцы» выступаюць гурты з Расіі і Канады. Як вы лічыце, ці важна, каб «Камяніца» набыла міжнародны статус?
– Я лічу, што гэта вельмі добра! Просто трэба, каб не забыліся, што больш за ўсё трэба беларускіх гуртоў і крышку – замежных. А то такое ўражанне, што ў іншых галінах, у шоў-бізнэсе, напрыклад, выступаюць толькі замежныя, а пра беларусаў і забыліся ўволгуле.
– Што вы думаеце пра конкурс народных строяў, а таксама пра акцыю, паводле якой людзі, апранутыя ў народную вопратку, маглі пабываць на «Камяніцы» бясплатна?
– Мне здаецца, што гэта выдатная ідэя. Яе трэба запомніць, зберагчы, і, можа, калі-небудзь падказаць арганізатарам нейкага іншага фэста.
– “Ліцвіны” сталі адным з першых гуртоў, якія распачалі адраджэнне беларускай культуры ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. А вы задаволеныя цяперашняй сітуацыяй у культуры і асабліва ў музыцы?
– Першым гуртом гэтага стылёвага накірунку стала “Дзяніца”, а пасля ўжо “Ліцвіны”. Але як канкрэтна другі гурт мы можам прааналізаваць сітуацыю.
Ці задаволеныя мы? І так, і не. Добра, што тыя цяжкасць, якія існавалі ў наш час, цяпер можна лёгка пераадолець. Раней, напрыклад, было нялёгка нават знайсці людзей. А цяпер іх рыхтуюць па гэтых спецыяльнасцях.
Але што мне не падаебаецца… Мне не падабаецца тое, што цяпер адбываецца перарыванне традыцый. Разумееце, калі мы пачыналі, мы яшчэ слухалі ў вёсках бабулек, дзядулек, слухалі, як гэта наогул гучыць.
А тыя музыканты, якія цяпер пачынаюць, на жаль, гэта чуюць толькі ў запісах. А запісы таго часу, трэба адзначыць, былі вельмі няякаснымі. Бо не было ў фалькларыстаў добрай апаратуры. Вось мы і слухаем, быццам бы, і не чуем дакладна, як гучыць.
Мы, тыя людзі, якія запісвалі ўсё гэта, чуем і разуем, як гэта павінна гучаць. А цяперашняя моладзь можа толькі здагадывацца.
Усё пайшло нармальна, толькі позна. Каб гэты працэс распачаўся раней, каб гэтая пераемнасць не перарвалася, каб уся моладзь вучылася ад тых прадстаўнікоў традыцый, як і мы, усё было бы вельмі добра.
– Чым быў выкліканы перапынак у дзейнасці гурта?
– Мы заўсёды існавалі. Але некалькі разоў нейкія людзі вырашалі, што мы ідэалагічна шкодныя, таму “Ліцвіны” на час знікалі. Потым зноў з’яўляліся, але зноў – ненадоўга.
А так мы былі заўсёды. Калі тут не давалі выступаць, мы ўсё роўна выступалі ў Расіі, Польшчы.
– Вось вы зноў вярнуліся. У вашых планах ці няма запісу чарговага альбома?
– Абавязкова. Ёсць задума, паглядзім, як усё складзецца. Адзін альбом ужо нават у галаве існуе. Мы бачым, якім ён павінен быць, з чаго ён будзе пачынацца, што за чым павінна ісці і як закончыца. Застаецца толькі здзейсніць. Але ж гэтае толькі…
Спадзяюся, новы альбом будзе. І гэта не залежыць ад таго, што хтосьці думае пра нашу музыку. У мяне ёсць невялічкая парада: каб што-небудзь уяўляць пра наш матэрыял, яго трэба паслухаць.
– Вы назіраеце за сучаснай беларускай фолк-сцэнай? Можа, вылучаеце для сябе нейкія гурты?
– За адносна маладымі назіраю. Вось каго я ведаю: “Палац”, “Юр’я”, “Крыві”, “Троіца”. З тых, хто выступае на «Камяніцы»: Наста Някрасава і FolkRoll. Мне надта падабаецца гэты гурт, таму хацелася б «адлавіць» іх да выступу.
А з тых, хто сёлета з’явіліся, дакладна не ведаю…