“Кашлаты вох”: Больш не будзе народных мелодый і тэкстаў. Інтэрв’ю

«Кашлаты вох»: Больш не будзе народных мелодый і тэкстаўАльбом гурта “Кашлаты Вох” моцна ўзрушыў беларускіх аматараў фолка і цяжкой музыкі. Тое што запісалі хлопцы, вельмі адрозніваецца ад таго, што можна пачуць ад “вохаў” на канцэртах. Праз некаторыя музычныя пошукі і эксперыменты калектыў нават пазнаць цяжка. Што ж сталася з “Кашлатым вохам”

Пра гэта мы размаўляем з удзельнікамі гурта – Васілём Саковічам і Вячкам Красуліным, які праз сваю зацікаўленасць народнай музыкай нават патрапіў… у магістратуру ўніверсітэта культуры.

— Шчыра кажучы, ведаючы вас па жывых выступах, чакалі, што альбом будзе больш “брудным” і панкавым. Але ён атрымаўся даволі лагодным і “прычасаным”. Як і чаму вы да гэтага прыйшлі?

Васіль: – Некторыя з нас  жадалі яго зрабіць больш брудным. Менавіта брудным, а не панкаўскім, але калі граеш ў гурце, то трэба ісці на кампрамісы. Вось альбом і атрымаўся такім, кампрамісным.

Вячка: – Мы і не жадалі перадаць тое “жывое” гучанне гурта. Для гэтага ёсць канцэрты. Я вось лічу, што добра, што альбом па гучанні “празрысты”. Усе словы песень можна нарэшце разабраць, а не гадаць, што ж такое крычыць у канвульсіях гэты барадаты. Так што можна развучваць тэксты і падпяваць.

— Ці зменяцца ў гэтым звязку і вашыя паводзіны на канцэртах. Гэта будзе трэш з “Белай страказой любві” і тузаннем па падлозе ці нешта іншае?

Васіль:  – Мы самі ніколі не ведаем, што гэта будзе, нават на наступным канцэрце. Напрыклад, тая ж “Страказа” нарадзілася на апошняй рэпетыцыі перад канцэртам, дзякуючы чарговаму “алкагольнаму падарожжу” ў ноч перад выступам. А тузанне па падлозе хутчэй за усё скончыцца тады, калі скончымся і мы самі.

— На вашым альбоме ёсць некалькі інструменталак…

Вячка: – Не думаю, што людзі могуць вытрымаць столькі голасу гэтага барадатага аматара кефіру. Трэба і ў дудкі падудзець.

Васіль: – Ну, а чаму бы і не? Навошта добрую музыку псаваць дрэннымі тэкстамі?

— Калі, дарэчы, чакаць прэзентацыі вашага альбома хаця б у Мінску?

Вячка:  – Думаем увогуле зладзіць тур па Беларусі і суседніх краінах. Але гэта будзем рабіць ужо ўвосень. Прэзентацыю мы плануем зладзіць 24 траўня ў клубе “Графіці”, бо да восені яшчэ надта доўга чакаць.

Сыграем цалкам альбом, дадаткова сыграем і новыя песні і каверы. Песню “Брат сястру хоча забіці” выканаем разам з вакалісткай гурта “Омут” Эльвірай Сцельмашук. Ну і “Омут” у падтрымку паклікалі, ды і ў тур думаем ехаць з імі.

Будуць качанні, кавыранні, узбуджэнні, агрэсія, радасць, весялосць, смутак, пот, кроў і ласты. Абяцалі завітаць крабы. Калі на Радаўніцу раскапаем якіх знакамітасцяў, абавязкова будуць труны і шкілеты. Будзе нялёгка на наступны ранак.

— Вы пачыналі хутчэй як рэканструктары, а цяпер вырашылі ствараць таксама і ўласныя кампазіцыі. Тэма захавання, хай сабе шляхам пераасэнсавання, беларускага фолка на сёння неактуальна?

— Мы ніколі не пазіцыянавалі сябе як рэканструктары, проста гралі вядомыя беларускія і еўрапейскія танцы. Калі мы пачыналі граць, я не валодаў ніводным інструментам (і цяпер не надта прасунуўся ў гэтым).

Васіль тады граў у асноўным на бубнах-барабанах і адбіваў панкаўскія ды папсовыя рытмы. Тады мы ахрысцілі свой стыль як “мідзівал дэз гоп” і проста адрываліся, граючы пад качовыя рытмы на дудах.

Але ў 2008 годзе, пасля таго, як з гурта сышоў Стась Чавус, Васіль прапанаваў здзейсніць нашу даўнюю мару – граць панкуху, але і ад дудаў не адмаўляцца. Дарэчы, на палове альбома мы выкарыстоўваем народныя мелодыі. Такім чынам, мы якраз і пераасэнсоўваем беларускі фолк для сябе. І гэта больш шчыра для нас, чым тое “рэканструктарства”.

— Куды вы плануеце рухацца канцэптуальна і музычна? Якія праблемы цяпер хвалююць творцаў гурта “Кашлаты вох”?

Васіль: – Па ідэі, на наступным альбоме не будзе народных мелодый і тэкстаў, зараз мы робім больш сацыяльныя тэмы. Трошкі рэлігіі, трошкі “бытавухі”, трошкі кахання. Музыка больш злая, больш брудная. І на гэты раз яна будзе насамрэч брудная. Ніякіх кампрамісаў.