«Рокаш»: «Беларусам не стае веры ва ўласныя магчымасці»

Гурт «Рокаш»: Беларусам не стае веры ва ўласныя магчымасціНапярэдадні супольнага канцэрта ў Мінску з заўважнымі прадстаўнікамі расійскай фолк-сцэны гуртом «Тролль гнет ель» беларусаў «Рокаш» Metalscript.Net распытаў бас-гітарыста і аўтара тэкстаў гурта Лявона Казакова пра канцэпцыю альбома «Запалі агонь», новыя песні, калабарацыі, самабытнасць, замежных прыхільнікаў, пошукі сябе і выбітныя беларускія рэлізы-2011.

– Сёлета выйшаў дэбютны альбом «Рокаш» «Запалі агонь», якога ўсе даўно чакалі і які, можна сказаць, музычна рэпрэзентуе «яшчэ той «Рокаш». Як паўплывалі на вас ратацыі ў складзе і пераразмеркаванне функцыяў у гурце (адыход флейты з сольнай пазіцыі на дапаможную, напрыклад)? Ці не плануеце дадаць (ці скараціць) музыкаў?

– Я б не сказаў, што флейта адышла на дапаможныя партыі. Па-ранейшаму яна з’яўляецца сольным інструментам у нашай музыцы. Што ж датычыцца ратацыяў у складзе, то гэта не самы прыемны працэс, але мы рады, што здолелі з ім справіцца. Скарачаць музыкаў не плануем дакладна, а вось дадаць… Тут больш цяжкае пытанне. Безумоўна, нам вельмі хацелася б нечага дадаць у нашу музыку.

Асабіста я быў бы рады папрацаваць з віяланчэллю, дудой, быць можа, з нейкімі цікавымі перкусійнымі інструментамі і не толькі. Аднак  павелічэнне колькасці ўдзельнікаў гурта дадае пэўныя праблемы з канцэртнай дзейнасцю. Таму калі яшчэ нейкія інструменты і будуць дадавацца да нашага саўнду, то хіба што на сесіённай аснове.

Зрэшты, пры запісу альбома «Запалі агонь» у песні «Крылы» мы паспрабавалі папрацаваць з сесіённай віяланчэлісткай. Вынік парадаваў. Як аказалася, гукі віяланчэлі арганічна ўпісаліся ў нашу музыку. Так што ніколі нельга казаць «ніколі». Усё можа быць, і мы цалкам адкрытыя для рознага кшталту эксперыментаў.

– «Запалі агонь» успрынялі неадназначна: хтосьці казаў, што ў ім выдатная канцэпцыя, іншыя – што ён больш падобны на складанку і канцэпцыі там ані звання. Дзе крытыкі патрапілі, а чаго не заўважылі?

– Канцэпцыя альбома цалкам сугучна агульнай канцэпцыі нашай творчасці, якая заключаецца ў спробе перадачы атмасферы міфалагізаванага беларускага Сярэднявечча пры дапамозе сучасных музычных сродкаў. Наколькі гэта атрымалася – тут ужо, думаю, меркаваць не нам.

Што ж датычыцца пэўнай стылістыкі альбома, то ён, насамрэч, атрымаўся надзвычай разнапланавым – у ім перасякаецца вялікая колькасць стыляў. Дзеля таго ёсць аб’ектыўныя прычыны: альбом адлюстроўвае фактычна ўвесь наш творчы шлях, этапы якога адрозныя адзін ад аднаго.

Натуральна, зараз мы граем іншую музыку, чым, напрыклад, у 2004 годзе. Гэта нармалёвы працэс. Аднак мы ўсе ж вырашылі сумясціць усе гэтыя этапы ў нашым альбоме, а не падганяць нейкім чынам увесь спектр нашай музыкі пад нейкія адны стылёвыя рамкі.

Альбом «Запалі агонь» – гэта, перадусім, своеасаблівая творчая справаздача за 8 гадоў найперш перад сабою. Гэта пункт, пасля праходжання якога можна рухацца далей і шукаць нешта новае.

– Вы ўжо аднойчы ў нейкім сэнсе змянілі творчы кірунак, а куды рухаецца «Рокаш» цяпер? Калі чакаць новую праграму?

– У дадзены момант мы актыўна працуем над нашай новай праграмай, пару песень з якой можна будзе пачуць ужо на наступных канцэртах. Кардынальных зменаў чакаць не варта, аднак нейкія новыя рысы нашае гучанне, спадзяюся, набудзе.

Гэтак, у некаторых новых песнях, над якім зараз працуем, з’явіцца больш элементаў арт-рока, пост-рока, ды і ўвогуле, гучанне, спадзяюся, стане яшчэ больш атмасферным і, можа, у нечым нават і містычным.

Зрэшты, пра гэта можна будзе казаць тады, калі нашая праграма будзе падрыхтаваная. А адбудзецца гэта, спадзяюся, цягам бліжэйшых чатырох-пяці месяцаў.

– Хацелася б яшчэ ўбачыць і такі-сякі кліп, да «Ваўкалака», напрыклад… Ці DVD.

– Нам таксама хацелася б. Аднак здымкі кліпа ці выданне канцэртнага DVD патрабуюць значных выдаткаў, якія ў нашы крызісныя часы досыць цяжка рэалізаваць. Зрэшты, думкі пра гэта ў нас есць, і спадзяюся, калісьці яны спраўдзяцца. Так што мы цалкам гатовыя і адкрытыя да супрацоўніцтва са сцэнарыстамі, рэжысёрамі, ды і ўвогуле з усімі, у каго есць пэўныя ідэі адносна нашай музыкі.

– Дарэчы, што слухаюць удзельнікі гурта вось цяпер, што спадабалася з нядаўніх рэлізаў?

– Чаго толькі мы ні слухаем – дыяпазон нашых музычных прыхільнасцяў надзвычай шырокі і разнастайны. Так што вызначыць нават ягоныя прыкладныя межы досыць цяжка.

Што ж датычыцца нядаўніх рэлізаў, то асабіста для мяне абсалютныя пераможцы – альбомы «Зімачка» гурта «Троіца», а таксама «Steel Says Last» гурта Gods Tower. Я свядома пазначаю менавіта рэлізы гэтых выканаўцаў, бо гэта насамрэч тыя альбомы, якія з’яўляюцца не толькі беларускім, але і еўрапейскім культурным здабыткам.

– На адным з беларускіх сайтаў «Запалі агонь» удзельнічае ў галасаванні за найлепшы альбом года. Што вы адчуваеце, спаборнічаючы з такімі мэтрамі, як, скажам, Gods Tower?

– Досыць змяшаныя пачуцці: з аднаго боку, глыбока паважаеш творчасць гэтых выканаўцаў, а з іншага, – хочацца годна прэзентаваць і творчасць уласную. Так што маю трохі неадназначнае стаўленне да розных падобнага кшталту галасаванняў.

Зрэшты, іх неад’емны плюс хаця б у тым, што яны пэўным чынам прыцягваюць цікавасць слухачоў да ўсёй шматграннай палітры беларускай андэграўнднай музыкі, якая, за невялікім выключэннем, знаходзіцца ў прасторы глабальнага інфармацыйнага вакуўму.

– Вы часта канцэртуеце ва Украіне. Як тамтэйшая публіка прымае беларускую музыку і музыкаў?

– Мы вельмі рады таму, што нашая музыка, а таксама беларуская мова выканання выдатна ўспрымаецца ўкраінскімі слухачамі, ды і не толькі ўкраінскімі. Так што, на маю думку, абсалютна няслушнымі з’яўляюцца выказванні шматлікіх беларускіх музыкаў адносна таго, што каб дасягнуць пэўных поспехаў за мяжой, трэба спяваць па-англійску, па-расійску, па-нямецку ці на суахілі якой. Трэба проста не забывацца на ўласны твар, і ўсе добра будзе.

– На якім фэсце / канцэрце вы адчулі, што «Рокаш» прыйшоўся найбольш да месца? Куды б хацелі з’ездзіць і дзе зайграць?

– У гэтым годзе мы зноў з задавальненнем наведалі ўкраінскі фестываль «Трыпільскае кола». Нам вельмі падабаецца там выступаць, і, гледзячы па ўсім, нашая музыка прыйшлася даспадобы ўкраінскім слухачам.

Ну а дзе б хацелася выступіць – тут ужо абсалютная прастора для фантазіі. Зрэшты, падсвядома цягне неяк у Еўропу, як, пэўна, і кожнага нармальнага беларуса.

– Вы шмат працавалі з альбомам, далі шмат канцэртаў, ці знайшоў «Рокаш» свой гук (гучанне, голас)?

– Калі спыняцца пошукі ўсяго гэтага, тады, на маю думку, спыніцца і творчасць. Так што, мы знаходзімся ў перманентным пошуку і, спадзяюся, што гэты працэс не будзе спыняцца.

– Чаго, на вашу думку, не стае беларускай музыцы? Што параіце слухачам?

– Перш за ўсе, на маю думку, не хапае ўпэўненасці ў сабе і веры ва ўласныя магчымасці. Мы не стаім на пустым месцы – пад намі есць магутны падмурак велічнай беларускай культуры, у кантэксце якой мы існуём і ствараем нешта новае.

І тут хочацца прыгадаць радкі з песні «Машыны часу»: «Не стоит прогибаться под изменчивый мир – пусть лучше он прогнется под нас».