У нацыянальным адборы на папулярны песенны конкурс “Еўрабачанне-2015”, які пройдзе ў траўні наступнага года ў Аўстрыі, паўдзельнічае мінскі неафольк-рок-гурт Rokash.
“Кампазіцыя, з якой Rokash будзе змагацца за выхад у фінал, мае назву “Лойма”, – кажа бас-гітарыст і аўтар тэкстаў Rokash Лявон Казакоў. – У ёй мы звярнуліся да найбагацейшай і так да канца і нязведанай беларускай міфалогіі”.
Лойма – лясны дух, які з’яўляецца ў гушчары перад вандроўнікам у вобразе прывабнай дзяўчыны, чарамі прымушае ў сябе закахацца, але пасля раптоўна знікае, а хлопец ўсе жыццё пакутуе і шукае яе.
“Песня мае містычнае гучанне, шчодра прыпраўленае рокавым драйвам, але пачуць яе можна будзе толькі ў паўфінале нацыянальнага адбору 4 і 5 снежня, бо такія ўмовы праекту”, – дадае музыка.
Карэспандэнт Metalscript.Net распытаў Лявона Казакова пра тое, што штурхнула гурт на такі нечаканы крок.
– Нашто Rokash збіраецца на “Еўрабачанне”?
– Ідэя падаць заяўку на ўдзел нарадзілася яшчэ год таму, калі мы абмяркоўвалі вынікі леташняга конкурсу. Сышліся на думцы, што цяпер ужо не песні галоўныя ў гэтым шоў, а нейкі выклік, эпатаж, як казаў яшчэ Маякоўскі – “аплявуха грамадскаму густу”, што, зрэшты, не навіна: ува ўсе часы былі майстры эпатажу, якія скандальнай формай адцягвалі ўвагу ад спрэчнага зместу. Але справа не толькі ў гэтым.
Сам па сабе канцэпт конкурсу “Еўрабачанне” я бачу як перасячэнне розных культур Еўропы – розных народаў, розных мелодый, розных традыцый. Таму не зусім разумею тых выканаўцаў з розных краінаў, якія прадстаўляюць нейкія стандартызаваныя англамоўныя кампазіцыі.
– То бок вам важна спяваць менавіта па-беларуску, як вы гэта звычайна і робіце?
– Так, мяркую, каб у поўнай ступені раскрыць свае думкі, свае эмоцыі ў песні, трэба быць носьбітам той ці іншай мовы, разумець усе яе адценні, а не проста завучыць тэкст з дапамогай сотні рэпетытараў. А слухачы ж не глухія, каб адрозніць найгранае ад сапраўднага. Таму мы і лічым, што ўсё ж такі прыгажосць пераможа эпатаж, а шчырасць і традыцыі – фальш і моду.
Акрамя ўсяго, сваім удзелам у “Еўрабачанні” мы хочам давесці беларускаму ды еўрапейскаму слухачу, што насуперак розным выказванням адносна смерці рок-музыкі, яна жыве і развіваецца. А ў спалучэнні з этнічнымі і фолькавымі матывамі можа здзяйсняць цуды. Да таго ж, гісторыя ведае не адзін выпадак перамогі рок-гуртоў на “Еўрабачанні”, чаго толькі вартыя тыя ж самыя Lordi, дый не толькі яны.
Гурт Rokash сёлета адзначыў 10-годдзе. У яго музычнай скарбонцы альбом “Запалі агонь” (2011) ды міні-альбом “Пад знакам крумкача” (2014).
Музыкі каманды ўдзельнічаюць і ў розных металічных калектывах: гітарыст Алесь Акульчык грае ў мінскім postmodern metal-гурце Like a Gossamer, бубнач Артур Мартынаў – у folk metal-праекце “Лютавер’е” ды doom-death-камандзе Podych Navalnicy, вакалістам якой таксама з’яўляецца і Лявон Казакоў.