Беларускі неафолк-рок-гурт Rokash адсвяткаваў 10-годдзе вялікім канцэртам у мінскім клубе Re:Public 25 кастрычніка.
Павіншаваць калегаў, зайграўшы з імі на адной сцэне, сабраліся камадны, вядомыя аматарам року, замешанага на традыцыйнай беларускай музыцы – Rosy, Re1ikt, Unia ды Pawa.
Дарэчы, што да апошняй, дык акурат яна ўсё ж неяк не ўпісваўся ў фолк-рок-кантэкст мерапрыемства з кампазіцыямі, перанасычанымі дэнс-бітамі ды іншымі сінтэтычнымі гукамі.
Распачалі канцэрт стаўбцоўскія летуценнікі з гурта Rosy. Хлопцы разварушылі танцпляц, а іх сакавіты баян ды меладычныя блюз-рокавыя сола быццам сагравалі напаўпустую халодную залу клуба.
Арт-рокеры Re1ikt яшчэ больш падвысілі музычную тэмпературу, пачаўшы выступ дынамічнай кампазіцыяй з новай праграмы. Гурт прэзентаваў колькі кантрастных нумароў ды завяршыў выступ арыгінальнай версіяй класічнага твору “Песняроў” “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
Электронна-танцавальны праект Pawa глыбокім складаным творам папярэднікаў супрацьпаставіў лёгкія гуллівыя кампазіцыі для непатрабавальнай публікі. Зрэшты, некаторыя парачкі (ўжо крыху нападпітку, бо, відаць, спрабавалі хоць як разагнаць застылую ў халодным памяшканні кроў) скарысталі такую цудоўную магчымасць дзеля таго, каб паскакаць, а адны асабліва ўзрушаныя – нават зліцца ў эратычным танцы.
Пасля “дыскатэкі” імпрэза вярнулася ў рок-рэчышча: слухачоў вітаў гурт Unia. Хлопцы і дзяўчаты апошнім часам гуляюцца з “моднымі жанрамі” (паказалі твор “Ой, рана” ў гэтым ключы), праз што, падаецца, крыху страцілі сваю іскрынку. Тым не менш, жыўцом Unia гучыць, як і раней, вельмі прыстойна. Да таго ж старыя хіты каманды кшталту “Ульяны” спраўнаўзнімалі настрой прысутным.
У фінале вечарыны на сцэне з’явіліся юбіляры. Rokash пачалі з акустычных хітоў 10-гадовай даўніны – “Зялёных рукавоў” ды “Балады пра ліцвіна”. А потым перайшлі да “электрычнасці”.
Гурт выканаў не толькі ўлюбёныя прыхільнікамі каманды хіты, але і прэзентаваў найноўшы міні-альбом “Пад знакам крумкача”, куды ўвайшлі чатыры трэкі: “Ноч лістапада”, “Вецер вее”, “Хмары” (на верш Ларысы Геніюш) ды “Стары замак” (зацятыя паклоннікі “Рокаша” маглі чуць іх працоўныя версіі на мінулых канцэртах).
Публіка была ў захапленні, а вакалістка Rokash Паліна Дулінец так расхвалявалася (бо, пэўна, непакоілася пра сваю малую дачку, якая, са слоў спявачкі, упершыню завітала на падобную імпрэзу), што блытала словы даўно знаёмых песняў.