“Дударскі фэст”: канцэрт, на якім “адрываліся” на два гады наперад

«Дударскі фэст»: канцэрт, на якім «адрываліся» на два гады наперад“Дударскі фэст” сёлета расцягнуўся на два дні: першы дзень, 27 красавіка, заняла прэс-канферэнцыя і выступ гурта “Стары Ольса” ў музеі старадаўніх раместваў і тэхналогіяў “Дудуткі”, а канцэртную частку зладзілі ўжо 28-га ў клубе Re:public.

Вечарам нядзелі да гэтай канцэртнай пляцоўкі пачала сцягвацца разнамасная аўдыторыя: і “звычайныя” слухачы, і тыповыя металісты, і людзі ў этнічнай вопратцы. Можна было ўбачыць у адной кампаніі хлопца ў кілце і дзяўчыну ў камуфляжы.

Стартаваў “Дударскі фэст” своечасова, у шэсць гадзін, што не зусім тыпова для беларускіх канцэртаў. Яшчэ не ўсе слухачы паспелі здаць вопртаку ў гардэроб, як пачаў граць гурт “Літы талер”.

На гэты малады гурт звалілася нялёгкая задача: першым выступам трэба было разагрэць публіку. Аказалася, у рэпертуары групы – акурат інструментальная танцавальная музыка. Лідар “Літога талера” гэтак ахарактарызаваў творчасць калектыва: “Мы граем сярэднявечную музыку, але менавіта так, як адчуваем”.

Музыкі не падвялі. Слухачы скакалі, пляскалі, цянулі рукі да музыкаў. Дзяніс Шматко размаўляў з публікай, распавядаў пра п’есы: да якога стагоддзя адносяцца, калі выконваліся.

dudafest_4922

Трэба сказаць, Дзяніс быў бадай што самы спакойны з гурта. Хлопцы-бубначы так гралі, што ажно дрыжалі, а Пятро Марчанка з сваім бузукі ледзь не скакаў па сцэне. “Гітарыста не схаваеш”, – вымавіў адзін са слухачоў, што не мог адарваць позірку ад бузукі Пятра. І толькі флейтыстка Зарына Шэўко ціха стаяла побач с Дзянісам і прыгожа ўсміхалася.

Калі “Літы Талер” зграў апошні трэк, “Мары фаўна”, на сцэне з’явіўся вядучы – лідар гурта “Стары Ольса”, Зміцер Сасноўскі. Ён адзначыў тое, як “завялі” слухачоў Дзяніс Шматко і кампанія, а потым сказаў, што наступныя музыкі любяць, калі іх запрашаюць на сцэну, клічуць, як Дзеда Мароза. Так і зрабілі. Пад маладзецкія “Te-sta-ment” на сцэне з’явіліся Testamentum Terrae. (Дарэчы, сёлета гурт адзначае юбілей – дзесяцігоддзе.)

Юрась Панкевіч, які ў сваёй шыкоўнай чырвонай вопратцы выйшаў да мікрафона падчас наладкі інструментаў, заўважыў, што граць пасля Літога талера ім нават крыху сорамна. Але гэта не спыніла музыкаў: “Прывітанне! Мяне завуць Юзік! Будзем танчыць!” І пайшло.

Не танчыць пад музыку Testamentum Terrae было нельга: нават калі хацеў бы, ногі не слухаліся. Хутка пайшлі карагоды, а хто не ўдзельнічаў, проста стаяў убаку, пляскаў ды ўсміхаўся.

Акрамя танцавальных нумароў былі і лірычныя-павольныя, як “Вулічка”. Вельмі здзівілі і амаль што ўзарвалі музыкі зал перепрацоўкай народнай грэцкай песні «Misirlou», якую ўвесь свет ведае з фільма “Таксі” і кампазіцыі The Black Eyed Peas.

Напрыканцы выступу Юрась прызнаўся, што любіць марыць перад сном, дадаўшы: “Мара кожнага мужчыны: адзін хлопец – дзве дзяўчыны!” Пасля чаго гурт выканаў “Кракавяк”, паабяцаўшы вярнуцца крыху пазней.

dudafest_4941

Потым на сцэну выйшлі ветэраны беларускай старадаўняй музыкі – музыкі гурта “Стары Ольса”.

Пакуль наладжвалася апаратура, стала зразумела, што Зміцер Сасноўскі яшчэ той “троль”. Ён “праехаўся” па ўсіх: і па бубначу, якога хутка забяруць у войска, і па лідары гурта Litvintroll і ўдзельніку “Старога Ольсы” Андрусю Апановічў, які не з’явіўся на сцэне “праз прычоску”. Карыстаючыся момантам, Сасноўскі перад ўсімі слухачамі папрасіў Апановіча (якога ласкава назваў “сволач”) далучыцца да іх.

Таксама Зміцер вываліў на слухачоў нядобрую навіну: хутчэй за ўсё, з наступнага году “Дударскі фэст” будзе праводзіцца раз на два гады. Таму зараз ёсць магчымасць адарвацца за ўвесь гэты час.

Але калі “Стары Ольса” зайграў, стала зразумела, што гэты гурт з’явіўся не толькі каб жартаваць. Публіка прыняла музыкаў як родных, адразу ж пайшла вадзіць карагоды, але гэта быў толькі пачатак.

З’явіліся, нарэшце, стэйдждайверы. “Вось навошта купляць месца за столікам!?” – крычаў, скокаючы са сцэны хлопец. Песню “Ave Maria”, можна сказаць, слухачы праспявалі разам з гуртом.

Музыкі зайгралі некалькі прэм’ер: адну з старых-новых рыцарскіх песень “Рыцарскае кола”, ад якой захаваліся толькі чатыры радкі і якую рэканструяваў “Стары Ольса”, а таксама кампазіцыю “Пахвала Вітаўту” на тэкст Міколы Гусоўскага з паэмы “Песня пра зубра”.

dudafest_5052

На час выканання танца “Маразуля” да слухачоў далучыліся ўдзельнікі танцавальных тэатраў, якія павінны былі навучыць танчыць усіх, каго толькі можна.

Амаль што напрыканцы выступу Зміцер Сасноўскі загадкава запытаў: “Ёсць у гэтай зале хто-небудь, хто баіцца вампіраў?” Зайграла змрочная “Drumul Draculi”, якая малявала ў галаве вобразы скокаў вакол полымя ўначы, а танцоры зноў сабралі карагоды, каб навучыць слухачоў не баяцца “кровасмокаў”.

Пасля “Ольсаў”, як і абяцалі, на сцэне зноў з’явіліся музыкі Testamentum Terrae, але гэтым разам у абліччы гурта Pawa. Толькі далучыліся гітарыст і клавішнік. Pawa спрабуе спалучыць фолк, метал і электронную музыку – дзіва.

Юрась паабяцаў зладзіць сапраўдную беларускую фолк-дысткатэку і не падмануў. Фолк разам с гітарай і электронным бітам гучыць не проста добра – вельмі добра. Клавішнік раскачваў публіку як Армін ван Бюрэн, музыкі скакалі па сцэне, а што рабілі самі слухачы…

Адначасова яны і вадзілі карагоды і стваралі мошпіты, танчылі і слэміліся. Музыкі выканалі знакамітую песню “Herr Mannelig”, за якую бралася шмат гуртоў, у тым ліку і беларускія Irdorath і Litvintroll.

Некалькі разоў Pawa паўтарыла песні Testamentum Terrae, але ў крыху іншым выглядзе. Гэта была “Вулічка” і “Кракавяк”, які традыцыйна выканалі апошнім. У канцы Юрась гуччна крыкнуў: “Усе мы любім піва!” Слухачы не хацелі адпускаць гурт, але ён і так граў на 15 хвілін больш.

dudafest_5173

Далей Зміцер Сасноўскі аб’явіў, што наступнаму госцю, які праехаў тысячу кіламетраў і вельмі-вельмі стаміўся, патрэбны час, каб падрыхтавацца. Гэтую навіну пра адпачынак успрынялі нават ўзрадванна. Хтосьці з крыкам “Піва! Піва! Піва!” пабег да барнай стойкі, хтосьці пайшоў паліць, а хтосьці – пінаць аўтамат-ігрушу.

Апошні гурт, Irdorath, для многіх быў “самым смачным”. І як самае смачнае, яго адклалі на самы канец. Але гэтага варта было дачакацца, як заўважаў Зміцер Сасноўскі. За апошнія дні беларускія музыкі адыгралі канцэрты ў Гродне і нават у Расіі, ды ўсё ж вярнуліся у Мінск на “Дударскі фэст”.

Гэта быў першы і апошні гурт, які размаўляў са слухачамі на рускай мове. Надзея, як толькі з’явілася на сцэне, адразу звярнулася да фанатаў, рассказала, што яны баяліся, каб іх хапіла як людзей. Але калі бачыш такі прыём, становіцца лягчэй.

І зайграла сярэднявечная музыка. Гралі танцы розных еўрапейскіх народаў. А такога слэму гэты вечар яшчэ не бачыў! Пасля першага трэка Надзея атрымала букет кветак, і падыйшоўшы да мікрафона, сказала: «Ребята, моя мама здесь!» Больш нічога сказаць дзяўчына не змагла – перашкаджалі слёзы. Крыху пазней яна папрасіла прабачэння за гэта, а таксама атрымала яшчэ адзін букет.

dudafest_5344

Таксама падчас выканання аднаго з трэкаў да музыкаў на сцэне далучылася танцорка Марыя Юрына, якая ўжо не першы год дапамагала Irdorath на выступах. У канцы ёй нават далі слова, бо ўсе толькі бачылі, як яна танцавала, але ніхто яе не чуў. Адолеўшы дыханне, дзяўчына змагла вымавіць толькі некалькі словаў: “Як у індыйскіх танцах, я магу толькі танчыць”.

Акрамя “дэманскіх скокаў” музыкі выканалі і лірычныя кампазіцыі. Пасля адной з іх мультыіінструменталіст Антонія звярнуўся да слухачоў з простымі і шчырымі словамі: «Любите один одного и будьте счастливы!»

Але час пакрыху сыходзіў. Стомлены Уладзімір дайграў партыю і развітаўся са слухачамі, заклікаючы ўсіх марыць, марыць разам з Irdorath: “На крыльях дракона к звёздам!” Але гэта быў не канец, пасля музыкі яшчэ адыгралі колькі трэкаў на біс, бо пакінуць сцэну, мабыць, было цяжка і ім самім.

Ды ўсё ж такі канцэрт скончыўся. Сцэна апусцела, народ пакрыху цягнуўся (ці ляцеў) у гардэроб. “Добра, але мала”, – можна было пачуць з натоўпу.

Затое ў наступным годзе, калі “Дударскі фэст” не зладзяць, можна будзе прыгадаць сёлетні цудоўны вечар 28 красавіка.

Кірыл Пятрэнка