Metalscript.Net прапануе чытачам рэпартаж з фестываля “Камяніца”, які прайшоў 15 верасня ў музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў Азярцы пад Мінскам.
«Камяніца» – адзін з тых фестываляў, пра якія цяжка пісаць непрадузята: замінаюць эмоцыі, што нараджаюцца ў душы, калі знаходзішся тут. Але, на такі вось суб’ектыўны погляд, сёлета на фэсце ўсё было болей як добра.
«Камяніца» распачалася а дванаццатай, але да музычна-сцэнічнай часткі фолк-фэсту было яшчэ далёка – шмат чаго павінна было адбыцца за дзве гадзіны.
На Вербнай гары пачаліся «Ратныя забавы» (некалькі мужчын апрануліся ў даспехі і ўчынілі спаборніцтва). У гэты ж час на Кірмашовай плошчы адкрылася аматарская сцэна, дзе выступалі дзіцячыя, а пасля трох гадзін – і дарослыя гурты.
Таксама працавала фотавыстава, майстар-клас “Сярэднявечныя танцы”,”Горад майстроў” і выстава твораў Андруся Такінданга («Гаротніца»).
Больш за тое, паўсюдна разгарнуліся намёты, дзе можна было набыць сувеніры: ад паясоў ці бранзалетаў да плюшавых цацак.
На галоўнай сцэне тым часам музыкі наладжвалі апаратуру. Усе яны паспелі да дзвюх гадзін, таму асноўная частка фэсту пачалася амаль своечасова.
Першымі на сцэну ўзышлі удзельнікі легендарнага беларускага гурта “Ліцвіны”, які на чале з нязменным кіраўніком Уладзімерам Бярберавым адным з першых распачаў духоўнае і культурнае адраджэнне на Беларусі напрыканцы XX стагоддзя.
Іх музыка адразу быццам бы адправіла слухачоў у мінулае. Многія матывы павінны былі быць знаёмыя наведнікам, бо грунтуюцца на аўтэнтычных народных. “Ліцвіны” адыгралі вельмі прыгожа, «этнічна» і прафесійна, даўшы асалоду кожнай беларускай душы.
Наступнымі выступалі каларытныя ўдзельнікі гурта Irdorath. Ужо адзін іх знешні выгляд прымушаў амаль не адрываць ад сцэны вачэй. Зацікавіў і склад каманды: аж трое хлопцаў гралі на барабанах. А калі пачалася музыка… Гэта было так энергічна, непаўторна і весела, што ногі самі ішлі ў скокі.
Irdorath прэзентаваў публіцы як інструментальныя кампазіцыі, гэтак і спевы вакалісткі Надзеі (музыкі прызналіся, што хацелі зрабіць свой невялічкі выступ па максімуму лірычным). Адзінае, што крыху расчаравала – адсутнасць традыцыйнага для выступаў гурта тэатралізаванага шоу.
Як потым Надзея і Уладзімір распавялі журналісту Metalscript.Net, яны былі крыху абмежаваныя як месцам, так і часам. Затое па-за сцэнай Irdorath без абмежаванняў фатаграфаваліся і раздавалі аўтографы фанатам.
Пасля дэманстрацыі рэканструяваных і стылізаваных народных строяў, вырабленых прадпрыемствам беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца” на сцэну падняліся наступныя ўдзельнікі «Камяніцы» – гурт Vuraj, які выступіў замест “Крамбамбулі”.
І, ведаеце, гэтая замена ў праграме быццам зусім і не расчаравала. Vuraj адыграў яскрава, самабытна, вельмі нестандартна і прыгожа. У іх музыцы былі элементы рэгі, рока, і, канешне, шмат народных напеваў.
Узрушаныя канцэртам, хлопцы не жадалі сыходзіць са сцэны – гэтага не жадалі і слухачы, – але супраць часу яны пайсці не маглі. Музыкі паабяцалі сустрэцца са слухачамі яшчэ раз, хай і на іншай пляцоўцы, і развіталіся.
Далей адбыўся конкурс народных строяў сярод пяці пар, пераможцы атрымалі вельмі добрыя ўзнагароды, напрыклад, шыкоўную вячэру ў рэстаране “Камяніца”.
А потым заваёўваць прыязнасць слухачоў сталі ўдзельнікі heavy metal-гурта Silver Sky. Яны прадэманстравалі яшчэ адзін прыемны момант “Камяніцы” – разнастайнасць музычнага начыння, што не давала засумаваць. Выступ Silver Sky стаў адной з тых самых кантрасных рысак.
Але падчас гэтай часткі канцэртнай праграмы ўзнікала пытанне: а дзе тут этнічнасць і народнасць? Гучаў неблагі хэві-метал, але ў параўнанні з іншымі гуртамі, якія выпраменьвалі «народнасць», што сонейка летам, Silver Sky былі ў гэтым плане непрыкметнымі.
Далей выканаў праграму гурт Pawa, што толькі-толькі (як, дарэчы, і Re1ikt, які граў пазней) вярнуўся з Літвы, дзе выступаў на фэсце “Кірмаш народаў” (Tautų Mugė). Гучная музыка чулася далёка наўкол. Гурт Pawa паказаў усім, што звычайна гучыць на сучаснай этна-дыскатэцы.
Наступныя госці – Наста Някрасава і FolkRoll – былі для некаторых чаканым, а іншыя нават і не ведалі, хто гэта такія.
Не памылюся, калі скажу, што такой музыкі не чула “Камяніца”. Наста Някрасава дала магчымасць беларусам пачуць яе дзіўны голас, за які яна была ўзнагароджаная ў 2008 годзе на люблінскім фэсце “Mikołajki folkowe”. З гэтым спевам спалучалася трывожная нестандартная музыка, нараджаючы на свет белы нешта непаўторнае.
Працягнулі праграму музыканты згаданага ўжо гурта Re1ikt. Некаторыя слухачы пераадолелі адлегласць большую за 100 кіламетраў, толькі каб пачуць іх. І адзінае, што магло іх расчараваць – кароткі выступ.
Музыкі паспелі зайграць толькі тры кампазіцыі, сярод якіх была і адна новая – «Лося», а таксама перапрацоўка народнай песні з сольнага альбома Івана Кірчука «А ўсе вулачкі падмецены».
Усяго было досыць: і лірычнасці, і цяжкасці. Складана было пасля такога выступу не закахацца ў гурт. Слухачы не хацелі развітвацца з ім, але, на жаль, трэба было. Затое Re1ikt далі магчымасць прыхільнікам пагутарыць з імі, сфатаграфавацца і нават прапанавалі разам выпіць кавы.
Падышоў час і для выступу адмысловага госця “Камяніцы” – расійскіх зорак з гурта “Иван Купала”. Яшчэ напачатку стагоддзя гурт знішчыў прадузятасць да таго, што народная музыка не можа спалучацца з танцавальным бітам. Можа, ды як!
Музыка гучала лёгка, свабодна, весела, цікава і па-свойску. А якія карагоды вадзілі пад яе слухачы! Ды не толькі карагоды, дайшло нават да кадрылі. У адным з нумароў на сцэну падняўся вядучы фэсту Алег Хаменка, які разам з расійскімі калегамі выканаў песню.
А скончыў гэты неверагодны восеньскі дзень сапраўдны аркестр (хай і пажарны) – “Гартоніца”. Дзіўны вакал Валерыі Владзько радаваў яшчэ тых рэдкіх слухачоў, які падцягнуліся напачатку ў час наладкі апаратуры. А цяпер усе маглі пачуць мікс з джазу, рэгі, панка і класікі, зухаваты і задуменны.
Калі падсумоўваць, дык тыя нязручнасці, якія часам узнікалі там-сям на фэсце, кампенсаваліся добрымі ўражаннямі. Хіба што крыху нязручна было бегаць ад галоўнай сцэны да аматарскай, дзе гралі таксама больш чым добрыя гурты.
А яшчэ фестывалю папросту не хапіла. Але, здаецца, што каб ён доўжыўся і тры дні, і тых было б мала.
«Камяніца» пакінула толькі добрыя ўспаміны. Гэты фэст – дзіўны падарунак для кожнага, і хочацца сказаць за яго дзякуй.
Дзякуй генеральнаму партнёру ААТ «Банк БелВЭБ». Дзякуй арганізатарам. Дзякуй Алегу Хаменку. Дзякуй гуртам.
Вялікі і шчыры беларускі дзякуй!
Кірыла Пятрэнка