Тыдзень дударскай музыкі. 26 студзеня.Мінск. 27 студзеня. Брэст. 28 студзеня. Гомель. СВЯТА ДУДЫ/ПРАЗДНИК ВОЛЫНКИ

Тыдзень дударскай музыкі


Свята дуды

Тыдзень дударскай музыкі

26 студзеня.Мінск.
27 студзеня. Брэст.
28 студзеня. Гомель.

Дуда (валынка) – адзін з найбольш архаічных музычных інструментаў,
пашыраны на аграмадных абшарах ад Ішпаніі да Індыі. Кожная краіна мае
свой тып дудаў, якія адрозніваюцца як канструкцыяй і спецыфічным
тэмбрам. На тэрыторыі Беларусі дуда вядомая з глыбокай старажытнасці.
Дуда справядліва магла б стаць сімвалам нашай краіны, накшталт дуды
(bagpipe) у Шатландыі, настолькі яна была вядомая і блізкая кожнаму
беларусу.
Дуда – духавы язычковы інструмент, які згадваецца ў старабеларускай
літаратуры ўжо з XV стагоддзя. Выраб яе лічыўся справай сакральнай. У
XIX стагоддзі дуда стала адным з самых папулярных беларускіх
інструментаў. Тып “беларускай” дуды быў пашыраны не толькі на
тэрыторыі ўласна Беларусі, але і ў Літве і Латвіі.

СТАРЫ ОЛЬСА – гурт сярэднявечнай беларускай музыкі, створаны ў 1999
г., стваральнік і кіраўнік – Зміцер Сасноўскі. Склад – 6 чал. Першы
склад гурта быў створаны з гомельскіх музыкаў. Назва – ад ручая ў
заходняй Магілёўшчыне. У рэпертуары – беларускія народныя балады і
ваярскія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесанса,
кампазіцыі з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі (“Полацкі сшытак”,
“Віленскі сшытак”, “Брэсцкі канцыянал”), беларускія канты XVІ – XVІІ
стагоддзяў, а таксама еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі
Сярэднявечча і Рэнесанса.
Музыка гурта выконваецца на максімальна магчымых копіях старадаўніх
беларускіх інструментаў – дуды (валынкі), ліры, гуслі, свірэлі, сурмы,
лютні, цыстры, шалмеі, рэбеку і інш. Мэта – найбольш поўная
(па-магчымасці) рэканструкцыя музычных традыцый Вялікага княства
Літоўскага, асноўнай культурнай і геапалітычнай часткай якога ў ХІІІ –
XVІІІ стагоддзях была Беларусь. Запісаны 6 студыйных альбомаў, 2
канцэртныя і 1 музычны праект. Музыка гурта ўвайшла ў 8 разнастайных
зборнікаў. Апошні альбом пад назвай “Дрыгула” (назва танца) запісаны ў
2008-2009 гадах і прысвечаны вядомаму зборніку барочнай музыкі
“Полацкі сшытак”.

TESTAMENTUM TERRAE (з лацінскай мовы “Запавет зямлі”) – беларускі гурт
сярэднявечнай музыкі, створаны ў 2003 г., першапачаткова меў назву
TESTAMENT”, стваральнік і кіраўнік – Юрась Панкевіч. Гурт удзельнічае
ў фестывалях сярэднявечнай культуры (“Лідскі Замак”, “Русборг”,
“Рубеж”, “Магутны Божа”, “Грунвальд”, “Старадаўні Львоў”), фестывалях
сярэднявечнай музыкі і музычных конкурсах (“Легенды восені”, конкурс
выканаўцаў сярэднявечнай музыкі “У гонар каралевы Боны”), а таксама
арганізуе ўласныя танцавальныя вечарыны. Гурт TESTAMENTUM TERRAE
выкарыстоўвае копіі інструментаў XV- XVІІІ стст.: беларускія дуды,
лютню, шалмеі, жалейкі, скрыпку, бубны, барабаны і інш.
Першы альбом – “Слаўны паніч” – прэзентуе гістарычную музыку часоў
Вялікага Княства Літоўскага: мелодыі беларускіх танцаў і абрадаў,
балады і рэкрутскія песні (са збораў М. Федароўскага), папулярныя
мелодыі еўрапейскага сярэднявечча, а таксама некалькі аўтарскіх
стылізацый.