Nile і Belphegor далі канцэрт у Мінску

The Flaming Arts Fest 2016, арганізаваны аднайменным міжнародным букінг-агенцтвам, адгрукатаў у сталічным клубе Re:Public 18 красавіка.

У рамках імпрэзы ў Мінску выступілі амерыканскі technical death metal-гурт Nile і blackened death metal-гурт Belphegor з Аўстрыі.

Можа ўзнікнуць пытанне: чаму ў “фэсце” ўдзельнічалі толькі два гурты? Рэч у тым, што гітарыст ізраільскай black metal-каманды Melechesh па мянушцы Ashmendi, якая таксама мелася выйсці на сцэну, атрымаў траўму рукі і сэт гэтых цікавых музыкаў, на жаль, давялося зняць. У якасці кампенсацыі астатнія два гурты пагадзіліся выканаць пашыраную праграму.

Па звычайнай мясцовай традыцыі канцэртаў экстрэмальнай музыкі, выступ распачаўся амаль на гадзіну пазней заяўленага часу, але можна зрабіць зніжку на складаную тэхнічную частку імпрэзы і дараваць гэткую дробязь, тым больш што занадта неспакойныя слухачы маглі пабавіць гэты час у бары за бакалам добрага піва.

Таксама трэба адзначыць разумны падыход арганізатараў, якія не сталі “марынаваць” слухачоў на вуліцы ў чарзе некалькі гадзінаў, а дазволілі зайсці ў клуб, каб скінуць вопратку ды спакойна чакаць усярэдзіне.

Першымі выступалі гранды “смяротнай” метал-сцэны з ЗША. Пад экзатычныя гукі акустычнага інтра, на сцэне з’явілся ўжо візуальна знаёмыя беларускаму слухачу дзядзькі з Паўдневай Караліны, вядомыя найбольш сваёй канцэпцыяй: ужываннем у death metal-стылі старажытнаегіпецкіх матываў разам з надта складанай рытмічнай асновай.

Зразумела, тэксты гурта напісаныя на тэмы егіпецкіх міфаў, а таксама розных гістарычных ды фантастычных літаратурных твораў, у якіх вядзецца пра тую зніклую цывілізацыю, якая калісьці існавала на берагах магутнай ракі Ніл, што і дала назву калектыву.

Зрэшты, не толькі беларусы памяталі папярэдні начны канцэрт Nile ў Мінску. Далас, адзін з вакалістаў гурта, падчас выступу звярнуўся да гледачоў: “Мы ўсцешаныя, што знаходзімся тут зноўку! Памятаецца, калі апошні час мы тут былі, нам давялося граць у тры гадзіны ночы і наш сэт быў нешта каля 20 хвілін. Тым больш прыемна сюды вярнуцца, каб нарэшце прадставіць тое шоу, што вы так доўга чакалі. Дзякуй, што таксама прыйшлі да нас!”

Выступ і сапраўды быў вельмі моцны: хлопцы прадэманстравалі надта высокі ўзровень валодання інструментамі, пацвердзіўшы, што не дарма стыль, у якім яны граюць, мае прыстаўку technical. Пакуль на сцэне гучалі кулямётныя чэргі бубнаў, грымотападобныя рыфы басу ды пранізлівыя гітарныя сола, на танцполе ўвесь час панаваў слэм ды хэдбэнг – было бачна, што і музыкі, і слухачы атрымоўвалі поўнае задавальненне ад гэтай дзеі.

Падчас выступу Nile выявілі сабе як надзвычайна пазітыўныя і простыя хлопцы, якія здольныя сказаць і шчырыя словы падзякі, і нават пажартаваць з нейкіх абставінаў, як, напрыклад, ненаўмысная спроба Карла Сандэрса зламаць свой гітарны ўзмацняльнік.

Дарэчы, сам Карл пасля выступу выйшаў да гледачоў і кожны, хто не паленаваўся падысці бліжэй, ці не пайшоў паліць на двор, змог атрымаць яго аўтограф, а то і фотаздымак на памяць.

У антракце сцэна патроху пачала змяняцца. Пераставілі месцамі узмацняльнікі, памянялі бубны ды талеркі, замест вялізнага банера з лагатыпам Nile, з’явіўся не меншы банер з рагатым дахрысціянскім богам Баалам-Фегорам, які ў часы Сярэднявечча быў залічаны да архідэманаў, што патураюць чалавечым дурным схільнасцям. Паміж мікрафонных стоек паставілі рагатыя чарапы, каб ужо нават у выпадковага гледача не было сумневу, у якім стылі будзе граць наступны калектыў.

Belphegor2016

Неўзабаве пад інфернальныя гукі дэманічнага хору і амаль што магічныя заклікі з залы, сам бог, а можа, і д’ябал, Бельфегор, паўстаў перад вачыма гледачоў у выглядзе чатырох музыкаў, пакрытых корпспэйнтам.

Адразу стала бачна: у адрозненне ад простых знешне, але надта складаных тэхнічна музыкаў Nile, гурт Belphegor робіць акцэнт на атмасфернасць і містычны антураж, але, канешне, благімі выканаўцамі іх не назавеш.

Трэба адзначыць, што шоў аўстрыйцы зрабілі адметнае: гукі званоў, хору, рэчытатыў, дым ды пах ладану, што дадавалі загадкавасці, дысанансныя блэкметалічныя рыфы – усе разам павінна было перанесці гледача ў нейкі таямнічы храм, дзе і дагэтуль, патаемна вывучаюць світкі на забытай мове ды ладзяць службу ў гонар старажытнага ідала, які чакае свайго часу, каб вярнуцца ў свет.

Гурт адыграў надта зладжана, асаблівую падзяку тут можна выказаць і гукарэжысёру, які змог збалансаваць гучанне на складанай пляцоўцы. Дый увогуле, толькі адно слова прыходзіла ў галаву, калі глядзіш на выступ Belphegor, гэта – true!

У цэлым фэст прайшоў вельмі моцна, і спадзяюся, што для аматараў цяжкой музыкі самых цёмных накірункаў, гэты вечар застанецца адным з самых яскравых ўспамінаў. Дзякуй музыкам ды канцэртнаму агенцтву Talent Tours за магчымасць гэта пабачыць!

Дзмітрый Буланаў

Фота Вольгі Трыгубовіч