VietakhDVD2015

Новые релизы сентября 2015: DVD «Ветах» – «Bohemian etude: Vietakh in Prague»

Прэзентацыя DVD «Bohemian etude: Vietakh in Prague» беларускага post-folk-гурта «Ветах» прайшла на штогадовым свяце Tautų mugė (“Кірмаш народаў”) у Вільні 20 верасня.

Адзін з зачынальнікаў пост-фальклору ў Беларусі – гурт «Ветах» – прыклад «шырокавядомага ў вузкіх колах» калектыву, арыентаванага на сціслую мэтавую аўдыторыю.

У далёкім 1998 годзе на іх дэбютны CD пісаў рэцэнзію Вітаўт Мартыненка ў «222 альбомах беларускага року і ня толькі». На першыя дударскія этна-дыскатэкі ў «Тунэль-2001» хадзілі большасць фігурантаў і гуру сучасных этна-тусовак, да рэміксаў з «Vietah in an acid childhood» насцярожанна прыслухоўваліся графаманы і прадзюсары.

Потым бязлітасны махавік часу выкідваў і шынкаваў на калямузычных пляцоўках міленіўму процьму ethno-, folk-, medieval-, trip-hop-, psihofolk- і іншых беларускіх гуртоў, а «Ветах» (Vietakh) у нейкім «прыватна-адвязаным» фарватэры баразніў сусветныя хвалі музычнага акіяну, «культава» ўсплываў то на «Камяніцы», то на Menuo Jodaragis, то на «Таўкачыках», то на Etnokrakow, то ўвогуле – ў Біскайскім заліве Атлантыкі ці ў Скандынавіі…

Vietakh-14_2015

Але – стабільна казаў сябе гурманам-меламанам як пурыст дударскай і смыковай беларускай музыкі і набліжанага да аўтэнтычных спеваў вакалу. Дарэчы, адзіны на сёння вядомы сапраўды сенсацыйны відэазапіс беларускіх дудароў пачатку ХХ стагоддзя апублікавалі і давялі да шырокай публікі ў 2012-м менавіта ўдзельнікі гурта.

На прапанаваным DVD «Ветах», акрамя ўласных рэканструкцый каранёвага саўнду беларусаў у «Гапаку», «Базары», «Валаху», «Дубочку», «Дудзе-весялусе», культуралагічна «цісне» гледача: краявідамі і антрапалогіяй Беларусі мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў, арыентаванай на яе постфальклорнай відэахронікай уласнага архіву 1990-х і 2000-х, этнаграфічнымі відэафрагментамі.

«Міленіўмны час сьмяецца з традыцыйных музыкаў, а музыкі… смяюцца з міленіумнага часу…» – вось, калі коратка, асноўнае ўражанне ад «кароткага, але энергічнага» сэту, абрушанага на галовы пражскай беларускай дыяспары шчыльным на гук і добра сыграным пост-фолкавым квінтэтам, назіраючы за якім, згадаеш словы адной з салістак гурта «Калыханка»: «Ага, мініспадніца, макіяж, клеяныя вечкі, татуаж… Вельмі добра. Толькі так – кожная можа. А вы паспрабуйце – як я: у строі і з каранёвым спевам майго народа… Слабо?»

Карацей, пакуль пад грукат скрыжаляў Маконда і Чаньчжоэ разумныя і прасунутыя этна-оргі імкнуцца сабраць некалькі сотняў аматараў «найсучаснага электроннага фольку» на кшталту рок-фэстах,  «Ветах & Cо» без залішняга шуму, але з добрым гукам спакойна адыграюць перад тысячнымі аўдыторыямі фэстаў Вaltica і Rudolstadt, сустрэнуць чарговы Вялікдзень і Узвіжжанне ў кампаніі аўтэнтычных носьбітаў свайго саўнда.

І так – і ўчора, і сёння, і заўтра… І – з прапанаваным апошнімі самаробным якасным напоем, але не з Coca Cola.

А чаму яны не маюць на гэта аналагавае права нават у лічбавым ХХІ стагоддзі? Маюць.

Людміла Клімовіч