Беларускія фолк-музыкі спрабуюць трапіць на «Еўрабачанне»

Беларускія фолк-музыкі спрабуюць трапіць на У нацыянальным адборы на папулярны песенны конкурс «Еўрабачанне-2015», які пройдзе ў траўні наступнага года ў Аўстрыі, паўдзельнічае мінскі неафольк-рок-гурт Rokash.

«Кампазіцыя, з якой Rokash будзе змагацца за выхад у фінал, мае назву «Лойма», – кажа бас-гітарыст і аўтар тэкстаў Rokash Лявон Казакоў. – У ёй мы звярнуліся да найбагацейшай і так да канца і нязведанай беларускай міфалогіі».

Лойма – лясны дух, які з’яўляецца ў гушчары перад вандроўнікам у вобразе прывабнай дзяўчыны, чарамі прымушае ў сябе закахацца, але пасля раптоўна знікае, а хлопец ўсе жыццё пакутуе і шукае яе.

«Песня мае містычнае гучанне, шчодра прыпраўленае рокавым драйвам, але пачуць яе можна будзе толькі ў паўфінале нацыянальнага адбору 4 і 5 снежня, бо такія ўмовы праекту», – дадае музыка.

Карэспандэнт Metalscript.Net распытаў Лявона Казакова пра тое, што штурхнула гурт на такі нечаканы крок.

– Нашто Rokash збіраецца на «Еўрабачанне»?

– Ідэя падаць заяўку на ўдзел нарадзілася яшчэ год таму, калі мы абмяркоўвалі вынікі леташняга конкурсу. Сышліся на думцы, што цяпер ужо не песні галоўныя ў гэтым шоў, а нейкі выклік, эпатаж, як казаў яшчэ Маякоўскі – «аплявуха грамадскаму густу», што, зрэшты, не навіна: ува ўсе часы былі майстры эпатажу, якія скандальнай формай адцягвалі ўвагу ад спрэчнага зместу. Але справа не толькі ў гэтым.

Сам па сабе канцэпт конкурсу «Еўрабачанне» я бачу як перасячэнне розных культур Еўропы – розных народаў, розных мелодый, розных традыцый. Таму не зусім разумею тых выканаўцаў з розных краінаў, якія прадстаўляюць нейкія стандартызаваныя англамоўныя кампазіцыі.

– То бок вам важна спяваць менавіта па-беларуску, як вы гэта звычайна і робіце?

– Так, мяркую, каб у поўнай ступені раскрыць свае думкі, свае эмоцыі ў песні, трэба быць носьбітам той ці іншай мовы, разумець усе яе адценні, а не проста завучыць тэкст з дапамогай сотні рэпетытараў. А слухачы ж не глухія, каб адрозніць найгранае ад сапраўднага. Таму мы і лічым, што ўсё ж такі прыгажосць пераможа эпатаж, а шчырасць і традыцыі – фальш і моду.

Акрамя ўсяго, сваім удзелам у «Еўрабачанні» мы хочам давесці беларускаму ды еўрапейскаму слухачу, што насуперак розным выказванням адносна смерці рок-музыкі, яна жыве і развіваецца. А ў спалучэнні з этнічнымі і фолькавымі матывамі можа здзяйсняць цуды. Да таго ж, гісторыя ведае не адзін выпадак перамогі рок-гуртоў на «Еўрабачанні», чаго толькі вартыя тыя ж самыя Lordi, дый не толькі яны.

Гурт Rokash сёлета адзначыў 10-годдзе. У яго музычнай скарбонцы альбом «Запалі агонь»  (2011) ды міні-альбом «Пад знакам крумкача» (2014).

Музыкі каманды ўдзельнічаюць і ў розных металічных калектывах: гітарыст Алесь Акульчык грае ў мінскім postmodern metal-гурце Like a Gossamer, бубнач Артур Мартынаў – у folk metal-праекце «Лютавер’е» ды doom-death-камандзе Podych Navalnicy, вакалістам якой таксама з’яўляецца і Лявон Казакоў.