Традыцыйны фолк-фестываль «Купальскае кола», прымеркаваны да святкавання дню летняга сонцастаяння, якое на Беларусі завецца Купаллем, прайшоў у мінскім клубе Re:Public 29 чэрвеня.
«Купальскае кола 2013» не толькі сімвалічна падагульніла клубны канцэртны сезон, але адначасова распачало пару вялікіх летніх фэстаў.
І хоць на дварэ гэтым днём было не надта горача, у вялікай задушлівай ды цмянай залі «Рэпабліка» паветра напалілася ад гарачых целаў блізу пяці соцень наведнікаў музычнага свята.
Адразу варта адзначыць, што арганізатарам «Кола» паспяхова ўдалося развязаць сітуацыю, на магчымасць якой наракалі патэнцыйныя наведнікі фэсту, маўляў, будуць пятнаццаць гуртоў па пятнаццаць хвілінаў выступу на кожны, нехта наогул не зайграе і г. д.
Дык вось катастрофы не адбылося. Канешне, бліжэй да заканчэння свята выступы прыходзілася скарачаць (нават хэдлайнерам), але пабылі на сцэне і пацешылі публіку бадай што ўсе.
Адзінае, больш чым хацелася б, напэўна, гурты выдаткоўвалі часу на тое, каб здабыць жаданы гук (некаторым гэта так і не ўдалося), бо зладзіць адпаведны саундчэк загадзя, відаць, усё ж не атрымалася (зрэшты, у гэтыя хвіліны можна было крыху перадыхнуць і глынуць вольнага паветра).
Ужо ад пачатку святочны настрой «Купальскаму колу» надалі ўдзельніцы традыцыйнага этна-фолк-гурта Guda (натуральна, у народных строях і з купальскімі вянкамі на галовах), якія адкрывалі фэст. Іх спевы, што дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, і ёсць той традыцыяй, якую ў трансфармаваным праз сучаснае музычнае мастацтва выглядзе намагаецца доўжыць фестываль.
Калі Guda сышла пад гучныя апладысментамы, на сцэне з’явіўся гурт Omut. Слухачы ўжо даўно ўпадабалі яго “палескі folk metal”, таму варушыць танцпляц музыкам не прыйшлося.
http://www.youtube.com/watch?v=XYXTyKRCwo8
Следам выступалі мінскія фолк-рокеры Rokash, чые лірычна-танцавальныя кампазіцыі і пранікнёны вакал Паліны Дулінец таксама, здаецца, нікога не пакінулі абыякавымі.
http://www.youtube.com/watch?v=iCQi2BVU9dE
Наступным граў малады, але вельмі патрыятычны гурт Axanit з Новалукомля. Музыкам доўга не ўдавалася “запусціць” клавішы, але яны ўсё ж здолелі прэзентаваць колькі сваіх твораў, павіншаваць усіх з Купаллем, а таксама прадыкламаваць урывак з “Беларускай песні” Уладзіміра Караткевіча.
http://www.youtube.com/watch?v=_3FXlb0qcqs
Потым дайшла чарга і да гасцей з Расіі – яраслаўскага pagan metal-гурта «Стожар», вакаліст якога мае цудоўны тэнар. Хлопцы ўпершыню выступалі на Беларусі, таму, падалося, крыху хваляваліся. Слухачы ж, канешне, іх падтрымалі.
http://www.youtube.com/watch?v=T8vvj8t2Gho
Падхапілі фестывальную эстафету дэбютанты «Купальскага кола» энергічныя берасцейцы Terrakod (іх вакаліста ахоўнік клуба чамусьці доўга не хацеў пускаць за сцэну).
http://www.youtube.com/watch?v=tYzKLsX2pQ0
Штурханіна (такая, што магло падацца, быццам з’явіліся нейкія хэдлайнеры) усчалася перад сцэнай падчас выступу pagan metal-гурта «Дрыгва» з Магілёва. На жаль, хлопцам так і не ўдалося наладзіць фанаграму (на відэа першая кампазіцыя, калі нешта яшчэ так-сяк працавала), хоць праз гэта іх гучанне набыло брутальнасці.
http://www.youtube.com/watch?v=Rik4J9fMP2g
Сюрпрызам фестывалю стала адраджэнне мінскага folk doom-гурта Sontsevorot, у чый склад між іншых увайшоў бас-гітарыст Tarpach Павел Дармель.
http://www.youtube.com/watch?v=kpPc_cWS4is
Прымусілі паварушыцца публіку аматары фэнтэзі з Віцебска melodic death metal-гурт Forodwaith. Яны былі апранутыя ў сярэднявечныя строі (а вакаліст нават нацягнуў кальчугу) і, паводле ўласнага прызнання, «не вельмі ўпісваліся ў фармат», бо спяваюць па-англійску.
http://www.youtube.com/watch?v=D2Q4vuYYiPk
Не на жарт узрушыў залу і выступ таямнічага фолк-рок-гурта By Kraj (ці ўсё ж By Cry?), звестак пра які ў Сеціве, быццам, няма. Яго жвавыя вакалісткі, якія спяваюць у аўтэнтычнай манеры, пэўна шмат каму прыйшліся даспадобы.
http://www.youtube.com/watch?v=qnBuag5rrp8
Своеасаблівай абрадава-тэатралізаванай інтэрмедыяй у праграме фэсту стала другое з’яўленне на сцэне ўдзельніц гурта Guda. Яны выходзілі ў цемры са знічамі ў руках, спявалі, здымалі з галоў вянкі ды кідалі іх у залу. Відовішча атрымалася касмічнае.
http://www.youtube.com/watch?v=mvmvQvf5dOs
Тым часам да выступу падрыхтаваліся першыя хэдлайнеры – вядомы мінскі гурт Znich. Музыкі зрабілі невялікі экскурс ва ўласную творчасць, а таксама прэзентавалі новую песню «Крыжавалі крумкача» на верш Анатоля Сыса.
http://www.youtube.com/watch?v=KeGIw7sMOsM
Дарэчы, з музыкай Znich вельмі арганічна злучыліся спевы дзяўчат з By Kraj, што разам з жонкай франтмэна гурта Алеся Таболіча Алесяй выконвалі «Мрою» і «Выпраўляла маці сына».
Як заўжды, моцны выступ атрымаўся і ў беларусаў Litvintroll. Музыкі гралі ў асноўным кампазіцыі з найноўшага альбому «Чорная панна». Але на развітанне выканалі «Купалінку».
http://www.youtube.com/watch?v=2iUfWCeaoHc
Вядоўца «Купальскага кола» Аляксандр Памідораў раз за разам, як выходзіў абвяшчаць наступных удзельнікаў, рабіўся ўсё весялейшы ды весялейшы. Адказваючы на жарт Андрэя Апановіча, ён напалову гроўлінгам, напалову ў нейкай ледзь не тувінскай манеры даспяваў «Купалінку», якой Litvintroll завершылі выступ.
Цёплы прыём быў забяспечаны і гасцям з Украіны гурту «Тінь сонця». Іх heavy folk з бандурай, бадай, зрабіўся шырока вядомы на Беларусі пасля ўдзелу гурта ў трыб’юце Gods Tower. Зайгралі кіяне сваю версію «Twilight Sun» і цяпер. А яшчэ, канешне, праспявалі «Казакаў» і нечакана – «Малітву» Уладзіміра Мулявіна.
http://www.youtube.com/watch?v=38OtNVMJCko
Ну а калі падлучаліся апошнія ўдзельнікі фэсту – таксама ўкраінцы – Natural Spirit, якія мінулы раз выступалі ў Мінску больш за дзесяць гадоў таму, Памідораў акапэла выканаў (падглядаючы тэкст у смартфоне) яшчэ адзін купальскі спеў.
Што ж тычыцца Natural Spirit, дык іх выступ стаў годным фіналам «Купальскага кола 2013».
http://www.youtube.com/watch?v=tgMx4NxTbow