Гісторыя Беларусі трапіла ў ірландскія песні

Алесь Чумакоў («Стары Ольса») і гурт «Ceilidh Ceol» запісалі альбом ірландскіх песен на беларускай мове. Праца пад назвай «Сыны старадаўняй Літвы» адпраўляе слухача ў эпоху Рамантызму.

За аснову матэрыяла былі ўзятыя ірландскія песні ў перакладзе, адаптаваным пад беларускія рэаліі. Напрыклад, гістарычныя падзеі, імёны герояў, месцы бітваў у Ірландыі наўмысна замяняліся на адпаведнікі з гісторыі нашай краіны. Гэта было зроблена, каб слухач мог уявіць жыццё нашых продкаў, даведацца пра іх мары.

Паэзія Рамантызму ахапіла Еўропу ў XVIII-XIX стст. У якасці найбольш яскравага прыкладу можна прывесці Ірландыю. Мясцовыя паэты актыўна карысталіся здабыткамі англійскай літаратуры, каб стварыць свае моцныя паэтычныя творы. Дарэчы, песні ірландскага рамантызму застаюцца папулярнымі ва ўсім свеце і дагэтуль. Асноўная іх тэматыка – барацьба за незалежнасць Бацькаўшчыны, абуджэнне павагі да Радзімы, услаўленне волі.

Рамантызм у Беларусі ўзнік падчас фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Дух нацыянальнага рамантызму спрабавалі данесці праз маладую беларускую паэзію В. Дунін-Марцінкевіч, У. Сыракомля, В. Каратынскі, Я. Баршчэўскі, Я. Чачот, А. Рыпінскі.

Алесь Чумакоў і гурт «Ceilidh Ceol» прадставяць альбом «Сыны старадаўняй Літвы» 21 красавіка. Прэзентацыя адбудзецца ў кавярні «Лісіная нара».

Малюнак: А. Валынец.