Другі міні-альбом выйшаў у праекта «Танцы з Бубнам». Новая праца з 6 трэкаў атрымала назву «Medication».
Вядомы беларускі электроншчык Улад Бубен гэтым разам скарыстаўся лірыкай Змітра Вішнёва, Сяргея Сыса, Змітра Пляна ды Ярылы Пшанічнага.
Кампазіцыі на альбоме складаюць шырокую жанравую палітру ад лірычнага ambient да сацыяльнага hip-hop. Таксама працу над праектам працягнулі удзельнікі першай яго часткі: Байсан, Таццяна Беланогая і Вольга Гапеева. Яны прадставілі новыя творы.
Да трэкаў Змітра Вішнёва («Валошынскія чытанні») і Таццяны Беланогай («Малітва») былі зроблены адмысловыя відэашэрагі.
Праект «Танцы з Бубнам» не спыняе працу над новымі кампазіцыямі і паралельна назірае за дыскурсам сярод беларускіх карыстальнікаў Інтэрнэту на тэму «сучаснага мастацтва ў нас няма».