Re1ikt: мы не чакалі такога камерцыйнага поспеху ад post metal-альбома

Re1ikt: мы не чакалі такога камерцыйнага поспеху ад post metal-альбомаУ рэстарацыі «Камяніца» прайшла прэс-канферэнцыя беларускага гурта Re1ikt.

Пагутарыць з журналістамі сабраліся удзельнікі гурта: барабаншчык Аляксандр Дземідзенка, басіст Зміцер Наркевіч, гітарыст Віталь Макшун і вакаліст Уладзімір Казлоў. Таксама былі запрошаныя адмысловыя госці: прадстаўнік лэйбла Vigma Аляксей Багдасар’ян і арганізатар канцэртаў Віталь Сапрановіч.

Музыкі распавялі пра надыходзячы бясплатны канцэрт у мінскім клубе Re:Public, неспадзяванкі, якія чакаюць слухачоў, пра тое, хто з’явіцца на сцэне разам з Re1ikt, і пра іншыя цікавосткі.

Аляксандр Дземідзенка: – Гэта будзе нейкі вынік нашай дзейнасці за год. Мы будзем граць як старыя, так і новыя песні. Канцэрт будзе ўмоўна падзелены на дзве часткі. Першая будзе лайтовая акустычная, а другая – эксперыменатльная і цяжкая. Мы нават вырашылі зрабіць падарунак нашым найдаўнейшым слухачам, выканаць дзве песні з альбома «Клиника».

Таксама мы вырашылі падрыхтаваць дзве цікавыя кавер-версіі выканаўцаў замежных, якія нам падабаюцца. Тэксты мы пераклалі на беларускую мову. Адзін пераклаў Зміцер, другі – я. Першы кавер – на песню «Ghost of Karelia» («Прывід Карэліі») амерыканскага гурта Mastodon, а другі, напэўна, ужо класіка сусветнай музыкі – песня Ніла Янга, якая называецца «Old Man» («Стары»).

Яшчэ мы запрасілі высупіць нашых музычных сяброў і аднадумцаў. Адзін з іх – гэта Сяргей Доўгушаў, які падмяняў Уладзіміра падчас яго адсутнасці. Ён саліст праектаў Vuraj, Fratrez , спявае ў філармоніі, а таксама ў гурце Rational Diet. Будзе на канцэрце і наша сяброўка Паліна Дулінец з беларускага гурта Rokash. З ёй мы таксама выканаем песню.

А яшчэ, можа, вы чулі пра такога барадатага самотніка, які ў метро грае на тубе. Яго клічуць Дзяніс. Ён удзельничае ў нашым сайд-праекце Re123+. Яго таксама запрасілі. Таму, калі хто яго бачыў і дзівіўся, што за гэта чалавек і адкуль ён узяўся, то й даведаецца пра гэта.

Уладзімір Казлоў: – Выступяць і нашы сябры з экстрэмальнага тэатра «Берсерк», якія пакажуць нам сваё дзіўнае неонавае шоў.

Як зазначыў Аляксандр Дземідзенка, 15 лістапада будуць падведзеныя вынікі дзейнасці Re1ikt за год. Але што ж здарылася за гэты час?

Амаль што год назад, 30 кастрычніка 2011-га, музыкі прэзентавалі публіцы свой трэці альбом «Рэкі прабілі лёд». За гэты час ён стаўся бестсэлерам лэйбла “Вігма” і адным з самых папулярных у Беларусі, атрымаў шмат добрых водгукаў ад айчынных і замежных крытыкаў.

А ўжо сёлета 8 лістапада таксама на “Вігме” адбылося перавыданне альбома і пабачыў свет live-DVD Re1ikt “Крыгаход”, запісаны падчас мінулягодняй прэзентацыі. У кантэксце гэтых падзей музыкі крыху распавялі пра «Рэкі прабілі лёд».

Аляксандр Дземідзенка: – Пачынаўся ён у 2009 годзе, калі мы яшчэ былі гомельскім гуртом. Гэта была вельмі шчыльная, цяжкая праца. Мы доўга рыхтаваліся, складалі песні. Нарэшце, у 2009 годзе запісалі. Але так адбылося, што выдалі дыск толькі ў 2011-м. Аднак гэта не перашкодзіла яму стаць першым беларускім post metal-альбомам.

Калі дыск быў выдадзены, мы не спадзяваліся, што ён будзе мець такі поспех, які мае цяпер. Проста гралі тую музыку, якая падабалася. І ўпершыню вырашылі зрабіць цалкам беларускамоўны альбом.

Аляксей Багдасар’ян: – Продажы альбома ўражваюць. Тыраж быў 1 000 дыскаў, з іх прададзеныя 800. Я лічу, што для Беларусі гэта выдатна. Такіх вынікаў дасягнуў, напрыклад, Аляксандар Рыбак са сваім дыскам. Але калі ў яго была вельмі добрая медыйная падтрымка, то Re1ikt усё зрабіў сваімі сіламі.

Уладзімір Казлоў:«Рэкі прабілі лёд», як я лічу, сапраўды альтэрнатыўная музыка. Тут ёсць трэкі даўжынёй нават па дзесяць хвалін. На першы погляд, такое цяжка слухаць. Але калі быць уважлівымі і капнуць трохі глыбей – гэта сапраўдныя музычныя кампаізцыі, дзе адна частка перацякае ў другую, дзе лірыка спалучаецца з усімі «цяжкімі» кавалкамі песні.

Дыск кажа аб тым часе, калі ўсе мы павінны зрабіць нейкі крок. Бо калі ты робіш штосьці шчыра, калі ты аддаеш працы, ці людзям, ці каханню ўсё што ёсць, рэкі абавязкова праб’юць лёд. А песні на альбоме пра рознае: пра час, пра прыкметы. Кожны хто яго паслухае, складзе асабістае ўражанне.

Далей гаворка зайшла пра наступныя канцэрты Re1ikt. Асоная увага надавалася праекту “СТАрт” кампаніі СТА Лагістык, дзякуючы якой ідэя бясплатнага кацэрта змагла ажыццявіцца.

Віталь Сапрановіч: – Вельмі добра, што музыкі вырашылі напярэдадні выступу 15 лістапада зрабіць вось гэту сустрэчу. Бо кампанія СТА Лагістык ладзіць канцэрты ў Re:Рublic штотыдзень, але пра гэта вельмі мала інфармацыі, і на бясплатныя канцэрты прыходзіць мала людзей, хоць гурты выступаюць добрыя. Бывае, што калі той жа гурт выступае ў Re:Рublic на платным канцэрце, на яго прыходзіць значна больш людзей.

Калі перайшлі да пытанняў, дык першае было наступным: што далей?

Аляксандр Дземідзенка: – Мы амаль што прыйшлі да адзінай канцэпцыі новага альбома. Зараз пакуль што рана казаць, бо, можа, нас што іншае зацікваіць. А планы ёсць, музычны і лірычны матэрыял таксама ёсць. На новым дыску будзе большасць аўтарскіх песен і мы не будзем цалкам канцэнтравацца на фолк-музыцы, як можа падацца.

Але пакуль трэба адпрацаваць песні і з альбома «Рэкі прабілі лёд», бо яны не вельмі часта гучалі на канцэртах. На нейкі час мы разышліся з Уладзімірам, потым шукалі выйсце з гэтай сітуацыі. Таму збіраемся актыўна даносіць “стары” матэрыял да людзей.

Metalscript.Net нагадвае чытачам пра тое, што бясплатны вялікі сольны канцэрт гурта Re1ikt пройдзе 15 лістапада ў Мінску ў клубе Re:Рublic. Пачатак у 19.00.