20 траўня «12 Unplugged : Guda і Стары Ольса» ў паб-клюбе «Графіці»


20 траўня
19:00
Графіці
12 Unplugged : Guda і Стары Ольса

20 траўня ў межах праекту «12 Unplugged» адбудзецца доўгачаканы сумесны канцэрт гуртоў Guda і «Старога Ольсы», на якім чакаецца нямала прыемных сюрпрызаў. Для кожнага выступоўцы гэты вечар будзе асаблівы — Guda ўпершыню ў сваёй гісторыі прадставіць электрычную праграму з рок-складам, а «Стары Ольса» на першым у сваёй гісторыі канцэрце ў паб-клюбе «Графіці» вырашыў адмовіцца ад выкарыстаньня апаратуры, каб перадаць сваё натуральнае жывое гучаньне.
Сумесны канцэрт гуртоў Guda і «Стары Ольса» меркавалася зрабіць у красавіку. Але тады ў сувязі з надзвычай сумнай падзеяй, імпрэзу вырашана было перанесьці. Канцэрт адбудзецца 20 траўня.
Да гэтага выступу Guda падрыхтавалі сапраўдны сюрпрыз. Гурт упершыню ў сваёй гісторыі прадставіць электрычную праграму з рок-складам. Яна створана разам з музыкамі з готык-мэтал каманды Volk. Удзельніца гурта Вікторыя Міхно распавядае, як яны да прыйшлі да такога фармату: «Больш за 10 гадоў Guda выпрацоўвала сваю эстэтыку сьпеву акапэла на падставе лепшых узораў беларускага фальклёру. Яшчэ 10 гадоў мы шукалі шляхі, якімі гэтую эстэтыку можна было б увесьці ў кантэкст сучаснай музыкі. Нашы экспэрымэнты былі заўжды сьмелымі. Мы выпрацоўваем сваю музычную стылістыку і маем сваё бачаньне фальклёру, якое распаўсюджваецца і на далекае мінулае і сёньня».
Як і для «гудаў», для «Старога Ольсы» гэта будзе першы выступ у клюбе «Графіці». Музыкі ўспрынялі ідэю праекту «12 Unplugged» літаральна і вырашылі наогул не выкарыстоўваць электрычнасьць. Лідэр каманды Зьміцер Сасноўскі кажа, што такім чынам слухачы атрымаюць магчымасьць пачуць сапраўдны «жывы» балянс старадаўніх інструмэнтаў. «Спалучэньне ціхай лютні і гучнай дуды, рамантычнай флейты і агрэсіўных барабанаў, высакароднага рэбека і пранізьлівага шалмея створаць своеасаблівы характар і дазволяць перанесьціся ў часе», — упэўнена заўважае Зьміцер. «Ольсы» плянуць выступаць поўным складам ды зайграць праграму з сваіх найлепшых твораў.
Падчас выступаў гледачы змогуць задаць пытаньні музыкам. Весьці імпрэзу па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Да ўсяго, наведнікі канцэрту маюць шанец атрымаць прызы ад сяброў «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».
Кошт квітка — 60 000 руб. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 12:00 да 23:00 штодня, акром суботы і нядзелі. Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44 .