Памёр вядомы беларускі музычны крытык

Вядомы ў Беларусі ды па-за яе межамі музычны крытык і публіцыст Вітаўт Мартыненка памёр ад сахарнага дыябету на 56-м годзе жыцця ў Мінску 17 красавіка.

“Вельмі цяжка ўсведамляць, што няма чалавека, з якім я сябрую ўжо больш за 30 год… Найперш Вітаўта ведаюць як выдатнага музычнага крытыка, але ён таксама таленавіты журналіст і паэт, які пісаў вершы для беларускіх гуртоў”, – кажа яго сябар і калега Анатоль Мяльгуй, які паведаміў радыё “Свабода” пра смерць Мартыненкі.

Вітаўт не толькі быў вялікім прыхільнікам беларускамоўнай rock ды metal-музыкі, але і зацятым яе папулярызатарам, прычым – і словам, і справай.

У шматлікіх артыкулах, рэцэнзіях, у кожным сваім інтэрв’ю даводзіў, што толькі арыгінальны нацыянальны музычны прадукт на роднай мове дапаможа Беларусі трапіць у сусветную рок-гісторыю.

“Я ўпэўнены: народ, які не будзе мець сваёй маскультуры на нацыянальнай мове – не будзе мець ніякай культуры. Тым сябрам, якія са мной спрачаюцца, лічачы, што важней сур’ёзная культура, я адказваю: “Вы слухаеце Чайкоўскага, а не ведаеце Забэйду-Суміцкага, таму што слухаеце штодзень па радыё чужую музыку…” – распавядаў Мартыненка ў інтэрв’ю “Свабодзе”.

Разам з Анатолем Мяльгуем напісаў і выдаў кнігі “Праз рок-прызму” (New York, 1989), “222 альбомы беларускага року і ня толькі” (Мінск, 2006). У 2010-м выйшла яго кніга “Rock on-line”, кожны асобнік якой быў уласнаруч падпісаны і прададзены аўтарам.

Мартыненка складаў тэксты песень для беларускіх металістаў Tesaurus і Deadmarsh. Больш таго: нават пусціў грошы ад продажу ўласнага аўтамабіля на тое, каб дапамагчы сталічнаму nu metal гурту Partyzone выдаць альбом “Трэба рабіць!”, прадзюсарам якога стаў.

Ён заўсёды быў гатовы працаваць на карысць беларускай справы, калі выдаралася такая магчымасць, прыкладам, у яго перакладзе на беларускую выйшлі ў свет кампазіцыі “Песня Чугайстра” і “Шлях у лес” украінскага folk metal-гурта “Цінь сонця”.

А яшчэ спадар Вітаўт распаўсюджваў запісы беларускіх музыкаў на кожным канцэрце, куды яму толькі дазвалялі трапіць арганізатары ды стан здароўя.

Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасня 1959 года ў Мінску. Па матчынай лініі паходзіць са шляхецкага роду Галімскіх.

У 1982-м скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працаваў на розных пасадах у беларускіх выданнях, карэспандэнтам мюнхенскай рэдакцыі радыё “Свабода”, дзе арганізаваў і праводзіў беларускі музычны хіт-парад. Адзін з заснавальнікаў незалежнага мінскага рок-клубу “Няміга”. Аўтар нататак пра падарожжы па Германіі, Італіі, Швецыі, Канадзе.

У 2002 годзе выдаў у сваёй рэдакцыі з прадмовай і каментарамі беларускі пераклад рамана Генрыка Сянкевіча “Quo Vadis”. А праз год асобна выйшаў поўны тэкст прадмовы – “Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)”.