“Ветах” адзначыў 15-годдзе ў Мінску. Фотарэпартаж

«Ветах» адзначыў 15-годдзе ў Мінску. ФотарэпартажПурысты беларускай дударскай музыкі і этнічных спеваў гурт “Ветах” адзначылі 15-годдзе ў мінскім клубе “Гудвін” вялікім канцэртам разам з сябрамі і паплечнікамі, які гучна акрэслілі назвай “Фолк-прайм”.

Мерапрыемства сталася лагічным фіналам VІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання», што некалькі дзён праходзіла ў сталіцы.

Каля дзесяці гадоў таму «Ветах» распачаў клубныя этна-вечарыны пад дударскую музыку (цыкл “Па Крывіі без баяна”), падчас якіх можна было не толькі сутыкнуцца з традыцыяй, але і зрабіцца яе часткай, навучыўшыся, напрыклад, беларускім народным танцам.

За доўгія гады існавання ўдзельнікі “Ветаха” аб’ездзілі амаль усю Еўропу, займаліся адукацыяй моладзі, вывучалі аўтэнтыку і набліжаліся да яе.

Канцэрт, што адбыўся ў “Гудвіне” 28 красавіка, стаўся ў пэўнай ступені выніковым і, як адзначылі сведкі, – бадай найлепшым у гісторыі гурта.

Фота Андрэя “Аrtglass” Міцкевіча