Znich: У нас мала добрых фэстаў. Інтэрв’ю

Znich: У нас мала добрых фэстаў. Інтэрв'юДзеля таго каб завершыць агляд фестывальнага сезону-2012 “беларускім акордам”, Metalscript.Net папрасіў удзельнікаў мінскага pagan metal-гурта Znich – вакаліста Алеся Таболіча і барабаншчыка Аляксандра Гароха – апісаць іх сёлетні гастрольны досвед.

Музыкі згадзіліся і распавялі нашаму карэспандэнту пра рэчыцкі Metal Crowd, польска-беларускае «Басовішча», бельгійскіх металхэдаў, недахоп клубаў, пра тое, як прабіцца
маладым гуртам, а таксама пра лухту і туфту.

У гэтым годзе вы выступілі на фэсце Metal Crowd. Што вы можаце сказаць пра яго?

Алесь Таболіч: – Я думаю, што гэта адзіны «металічны» оўпэн-эйр у Беларусі. У нас яго ні з чым параўнаць нельга, а калі гаварыць пра Еўропу, канешне, – ёсць з чым. Хацелася б, каб Metal Crowd быў на іншым узроўні, у сэнсе таго, каб гук быў нармалёвы, была сур’ёзная маштабная тусня, піца, піва і другое. А тут я заўважыў, што шмат народу сядзіць за межамі тэрыторыі.  Але паслухаць ёсць што, шмат цікавага.

Чаму вы вырашылі сёлета выступіць тут?

– Вельмі шмат людзей з Рэчыцы, Гомеля, Жлобіна, у якіх няма грошай каб патрапіць на нейкія канцэрты ў Менск, тут могуць нас пачуць, як мы граем, пабачыць, як што робіцца. Мы хочам больш паўплываць на нашу беларускую тусню, таму што мы граем перш-наперш для беларусаў.

А па-другое, хацелася паглядзець на ўзровень іншых гуртоў. Нас запрашалі і ў мінулым годзе, але мы не змаглі. А вось цяпер вырашылі прыехаць.

Якой вы бачыце будучыню фэсту?

– Калі будзе фінансаванне добрае, то і фестываль, я лічу, будзе на другім узроўні. Будуць прыязджаць не толькі гурты трэцяга (а то і пятага) эшалону, але і больш-менш вядомыя. Калі Ягор Руль знойдзе добрых спонсараў, а не будзе рабіць толькі для Рэчыцы, фестываль для фестывалю, то будзе ўсё нармалёва. Жадаю яму поспехаў, бо ён ужо доўга робіць сваю справу.

Я памятаю, як фестываль пачынаў, сам тут быў вядучым. А цяпер ужо ёсць дзве сцэны, шмат замежных гуртоў з Еўропы. Адзінае, хацелася б, каб фэст меў якраз еўрапейскі ўзровень, а не местачковы.

Ці адрозніваецца атмасфера выступу на Радзіме ад атмасферы выступу за мяжой? Ці адрозніваюцца металхэды?

Аляксандр Гарох: ­– На самой справе, у Беларусі таксама бывае розная атмасфера на канцэртах. Славянскія краіны, Беларусь і Расія, напрыклад, у чымсьці падобныя па менталітэту. Часта ўсё залежыць ад настрою публікі. Мы выступалі ў розных гарадах Беларусі, і ў розных нас маглі па-рознаму ўспрымаць.

У Еўропе таксама могуць па-рознаму. У той жа Бельгіі яны могуць проста глядзець на цябе. Ці ў Італіі. Музыканты думаюць, што слухачам не падабаецца, а яны, наадварот, добра ўспрымаюць.

А. Т.: – Ці ў ва Францыі.

А. Г.: – Так. Там проста стаялі ды хлопалі. Але наогул, вялікай розніцы няма. Пытанне толькі ў тым, як успрымаюць.

Вось колькі мы па Беларусі накаталіся… Бывае цёплы прыём. У Мінску – крыху інакш, там публіка больш «зажраўшаяся». А дзесьці ў Расіі, Маскве той жа, людзі прыйшлі адрывацца і адрываюцца.

Дзе вы выступалі гэтым летам?

– У пачатку лета выступілі на Kilkim Žaibu у Літве, разам з Litvintroll. Пасля – «Басовішча»«Наш Грунвальд» у Дудутках. І апошні – Metal Crowd.

Разумееш, цяпер няшмат добрых фестываляў. Не, яны ёсць, але вось такіх яскравых, дзе можна выдатна паказаць сябе, – толькі вось гэтыя чатыры. А астатнія…

Заяўку можна падаць куды хочаш, але трэба ўсё ж нейкі адбор рабіць. Выступаць можна хоць кожны дзень у нейкіх клубах, дзе на цябе будзе глядзець 10 чалавек, але нам гэта патрэбна? Трэба «масавай зарадкай» займацца, каб была цікавасць да музыкі.

Як вам «Басовішча-2012»?

А. Т.: – Як нам «Басовішча»?

А. Г.: – Нармалёва! Добры, крэпкі фестываль. Канешне, у гэтым годзе было слабей, таму што вельмі паменшылася фінансаванне. Але так, па атмасферы, усё добра.

А. Т.: – Хочацца сказаць, што «Басовішча» страціла характар беларускай тусні. Стала больш еўрапейскім. Шмат слухачоў з іншых краін, з Польшчы. Я не здзіўлюся, калі ў наступным годзе на ім будзе граць больш гуртоў з Украіны і Польшчы.

Што вы можаце сказаць пра беларускі металічны «маладняк»?

– На дадзены момант вельмі шмат маладых гуртоў, як і стылістычных напрамкаў. Нават калі ўзяць той жа Metal Crowd, то там былі і “коры” нават, а не толькі метал. А што наконт маладняку?

А. Г.: – Я не ведаю маладых. Мабыць, яны дзесьці ёсць, але ў нас няшмат канцэртных пляцовак, клубаў. У нас у Мінску ёсць той жа «Re:Public», яшчэ некалькі клубаў. Розным альтэрнатыўшчыкам, металістам цяжка выйсці ды дзесьці выступіць, калі раней былі розныя клубы, напрыклад, «Рэзервацыя»«Альтэрнатыва», дзе кожны чацвер ці сераду маладыя гурты маглі пайграць, сыграцца.

А. Т.: – Ведаеш, ёсць яшчэ адна вялікая праблема, на мой погляд. Раней дапамагалі станаўленню гуртоў СМІ. На тэлебачанні ці радыё былі нейкія перадачы, якія распавядалі беларусам пра музыку. Прадаваліся альбомы на касетах ці дысках. А цяпер каму гэта трэба? Можна ў Ітэрнэце ўсё паслухаць і нават не хадзіць на канцэрты.

І цяпер, каб маладым гуртам можна было выбіцца, трэба ці вельмі добрае фінансаванне, як робіцца на Захадзе (там укладаюць вялікія грошы), ці вялікае жаданне. Ведаеш, сэнс у тым, што хто хоча нешта зрабіць, той зробіць.

Маладым я магу сказаць: хай яны прабіваюцца ўсімі магчымымі і немагчымымі сродкамі, шукаюць сябе і знаходзяць.

Вось ты пытаў, якія маладыя гурты я магу назваць. Я б сказаў, ды толькі тым гуртам, што я ведаю, ужо па 6-7 гадоў. Нейкія маладыя з’яўляюцца, граюць у сваіх гаражах ды потым распадаюцца, таму пра іх вельмі мала ведаем. А трэба было б рабіць якасныя запісы і прасоўваць іх куды толькі можна, на фестывалі ўсякія.

Так робім і мы. Ведаеш, у нас няма такога апекуна, як, напрыклад  лэйбл Napalm Records для расейскага гурта «Аркона», які б пхаў нас ва ўсе дзіркі, якія толькі можна. А мы самі сабой займаемся і нашай дэмакратычнай душой вырашаем, што нам рабіць.

Трэба мець нейкую пазіцыю і самім сабой займацца. Бо табой ніхто займацца не будзе, можа, толькі тады, калі ты ўжо будзеш нешта з сябе ўяўляць.

– Што вы думаеце пра супрацоўніцтва з Еўропай?

З Еўропы мы супрацоўнічаем толькі з Францыяй, арганізацыяй Metalphizik. Але, разумееш, што такое супрацоўніцтва? Гэта больш сяброўства. Але, можа, мы пойдзем куды далей. Бо Znich гурт ўжо сталы, але і малады адначасова. Трэба крочыць далей. Падняўся на адну прыступку – хочаш перайсці на іншую.

– Які свой альбом вы лічыце найбольш цікавым?

–Разумееш, усе нашы альбомы розныя. Каб сказаць, што вось гэты цікавы, а гэты больш цікавы… Я казаў, што мы заўсёды расцем, і адзін альбом на другі не падобны. Калі ўзяць «Язычнік Я»«Запаветы апошняга старца» ды «Мрою» – яны ўсе розныя. З кожным годам мы становімся больш сталымі і прафесіянальнымі.

Але ў розныя гады, у розны час ты ставішся да сваіх альбомаў па-рознаму. Вось мне менавіта падабаецца альбом «Язычнік Я». Чаму, не ведаю. Можа, гэта настальгія.

– Вы выступалі арганізатарам канцэртаў на Беларусі. Не плануеце паўтарыць гэта?

–А гэта зноў-такі залежыць ад таго, ці будзе якое-небудзь фінансаванне. Бо я свае грошы даставаць і кідаць у фестываль не магу. Не сакрэт, што той жа Metal Crowd часткова фінансуецца ўладамі. Калі рабіць дзеля сябе, то можна адкрыць нейкі клуб на 50 чалавек і даваць там канцэрты. Дарэчы, ты таксама мог бы гэта зрабіць. Калі падыходзіць сур’ёзна, то патрэбны грошы, фінансаванне. А дзеля гэтага не адзін чалавек робіць.

Дарэчы, я быў арганізатарам «Купальскага кола». На дадзены момант, калі атрымаецца, можна зрабіць оўпэн-эйр у Менску. Каб менавіта Менск стаў цэнтральнай часткай, а не Рэчыца. Гэта я жартую. (Смяецца.)

Хацелася б, каб на Беларусі былі добрыя фестывалі, але сітуацыя залежыць не толькі ад нас. Паглядзім. Калі атрымаецца, дык атрымаецца, можа і зробім што-небудзь.

– Ці падабаецца вам выступаць на адной сцэне з музыкантамі іншых, «неметалічных» жанраў?

–Вось першага верасня мы выступалі ў Dreamland на фестывалі «Рок па вакацыях 2012», дзе былі прадстаўнікі розных жанраў. Пра падабаецца ці не больш раскажа Аляксандр.

А. Г.: – Я не бачу плюса ці мінуса у тым, каб выступаць у нейкай «салянцы» рознастылёвай. Толькі каб гэта не быў БРСМ. (Смяюцца.) Астатняе – калі ласка!

– Хто цяпер асноўны кампазітар Znich?

А. Т.: – Як я кажу, у нас больш дэмакратычная сітуацыя ў гурце. Хтосьці штосьці прыносіць, але мы разам сядаем і вырашаем, трэба гэта ці не.

Вось часткова робіць Гарох, бо ён – рытм-секцыя, на клавішах – Белы. У нас не бывае такога, каб хтосьці сказаў: «Я буду граць толькі так і больш ніяк!»

– Што збіраецеся рабіць далей?

А. Г.: – Працуем над новым матэрыялам. Планы такія: расці, жыць, тварыць і граць канцэрты. Вось і ўсё.

– Як доўга яшчэ будзе палаць вашае полымя?

А. Т.: – Я думаю, што полымя павінна не ў гурце гарэць, а ў кожным з нас. А яшчэ ў тых, хто слухае нашу музыку. Пакуль людзі будуць слухаць і адчуваць еднасць аднаго з адным, дагэтуль і будзем мы працаваць. Калі гэта затухне ў душах, тады загасне і яно само па сабе, разумееш.

Гэта ж не так, што мы вырашаем, завершыць кар’еру ці не. Калі гэта ўспрымаецца людзьмі, калі гэта цікава людзям, калі падыходзяць, распытваюць, фатаграфуюцца – гэта ўжо прыемна. Удвая больш прыемна, калі ў Расіі, Украіне і іншых краінах на нашы канцэрты прыходзяць беларусы, уздымаюць сцягі, плакаты «Жыве Беларусь». Я думаю, калі гэта будзе і далей, будзе файна.

Таксама шмат залежыць ад вашых сайтаў. Полымя павінна і ў вас гарэць.

Самае галоўнае – рабі шчыра, а ўсё астатняе – лухта і туфта.

Гутарыў Кірыла Пятрэнка

Р. S. Нагадваем пра тое, што паклоннікі могуць пабачыць Алеся Таболіча сёння ўвечары ў клубе «Re:Public» на фестывалі HALLOWEEN 2012, вядоўцам якога будзе музыка.