“Стары Ольса”: Мы стваралі фэнтэзі. Інтэрв’ю

Напярэдадні вялікага канцэрта ў Мінску лідэр вядомага беларускага гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі раскрыў Metalscript.Net сакрэты шоў 2 красавіка, а таксама распавёў пра спалучэнне навукі і фэнтэзі, невычэрпнасць музычнай спадчыны Беларусі, выхаванне дзяцей і два новыя альбомы.

– Па-першае, віншуем з нараджэннем дачок! Ці не будзе цяпер «Стары Ольса» радзей даваць канцэрты?

– Вялікі дзякуй за віншаванне. Насамрэч у некаторых удзельнікаў гурта «Стары Ольса» ёсць ужо больш сталыя дзеці, чым у мяне, і гэта ніколі не перашкаджала нашай музычнай дзейнасці. Таму заяўляю з усёй адказнасцю, што мой новы статус бацькі ніяк не паўплывае на колькасць канцэртаў калектыву.

– Ці плануеце далучаць сваіх дзяцей да сярэднявечнай музыкі. Калі і якім чынам?

– Абавязкова планую. Праз гадоў пяць-шэсць. Хутчэй за ўсё для гэтага буду выкарыстоўваць усе інструменты, якія гучаць у нашым доме, можа, яшчэ штосьці. Напрыклад, асабіста мне ў жыцці не хапала раялю, таму мне хацелася б, каб мае дзеці гралі менавіта на ім. Калі ж яны не згодзяцца, будзем прапаноўваць ім клавесін, клавікорд, партатыўны арган…

– Вядома, што гурт «Стары Ольса» натхняецца сярэднявечнай беларускай музыкай. А што будзе граць калектыў, калі засвоіць усе творы гэтага кірунку, якія існуюць?

– Звернемся да статыстыкі. Мы выконваем толькі некаторыя творы беларускай музыкі і некаторых беларускіх кампазітараў. Напрыклад, калі ўзяць «Полацкі сшытак», то з 71 твора на Беларусі запісана 18. Прыкладна гэтакая ж сітуацыя і з іншымі зборнікамі. Штогод мы знаходзім усё новыя і новыя крыніцы нашай творчасці.

Лічу, што сярэднявечных шэдэўраў, якія існуюць, хопіць яшчэ на наступнае стагоддзе нашай працы. Багацце творчасці продкаў-суайчыннікаў дазваляе зрабіць выснову пра тое, што беларускае музычнае сярэднявечча ніколі не будзе перайграна.

– Што вы можаце адказаць крытыкам, якія называюць творчасць гурта хутчэй культуралагічнай каштоўнасцю, чым каштоўнасцю музычнай?

– Пры супрацоўніцтве з гісторыкамі і музыказнаўцамі розных краін, а таксама з архівамі мы дазвалялі сабе ствараць так званае «фэнтэзі». Гурт «Стары Ольса» з’явіўся ў навуковай лабараторыі, калі вывучаліся музычныя крытэрыі, мастацкія перакананні ды каштоўнасці і потым – калі адбываліся замежныя стажыроўкі па старадаўняй музыцы.

Але сярэднявечная музыка заўсёды адрознівалася вялікай дзеллю асабістага ўнёску. Іншымі словамі, як бы навукова ты да яе не падыходзіў, у цябе застаецца велізарнае поле для ўласнага мастацтва.

Вось таму нашаму калектыву не пагражае пераўтварэнне ў сухую навуковую суполку: чым больш мы паглыбляемся ў гэтую музыку шляхам навуковага даследавання, тым больш сітуацыя патрабуе імправізацыйных, кампазітарскіх, аранжыроўніцкіх здольнасцяў, а таксама іншых схільнасцяў. І, адпаведна, тым больш мы займаемся мастацтвам.

– Якія сюрпрызы чакаюць гасцей вашага канцэрту ў Палацы культуры ветэранаў 2 сакавіка?

– Першы сюрпрыз – спалучэнне гераічнага эпасу і невайсковай музыкі. Гэта музыка аднаго і таго ж саслоўя, якое, аднак, існавала ў дзвюх праявах: альбо на вайне, альбо пасля яе. Упершыню мы спалучылі «Полацкі сшытак» і гераічны эпас. Уся праграма з’яўляецца ілюстрацыяй беларускага жыцця XVI–XVII стагоддзяў.

Яшчэ адзін сюрпрыз – гэта «Полацкі сшытак» у арыгінале: музыка павінен сам абраць танальнасць, тэмпарытм, даўжыню нот. Таму большасць інструментальных твораў будзе адносіцца не да гераічнага эпасу, а менавіта да «Полацкага сшытку». Гэта будуць інструментальныя кампазіцыі «Полацкага сшытку», якія мы вывучылі наноў.

І, нарэшце: у трэці раз за ўсю творчую біяграфію гурта мы выканаем танец, які напісаны ў стылі «балгарскі і сербскі».

Адной з прыкметаў сярэднявечнага рыцарства было гучанне духоўных твораў – таму мы набраліся смеласці і вырашылі выканаць пераклад на беларускую мову адной з песень «Авэ Марыя», створанай на мове, мешанай з лаціны, французскай, партугальскай і іспанскай.

– Чаго яшчэ чакаць ад «Старога Ольсы»?

– У планах – праца над новымі творамі з «Полацкага сшытку» і падрыхтоўка вандроўнага сезону, які пачнецца ўжо з траўня. А таксама замежныя паездкі і праца над новым студыйным альбомам гурта, для якога ўжо існуе дастатковая колькасць матэрыялу. Але пакуль дакладны тэрмін яго выхаду невядомы. У прыватнасці, у нас ёсць магчымасць запісаць яго як ў Мінску, так і ў Беластоку.

Перавага новага альбому будзе ў тым, што «Стары Ольса» запіша яго ўжо сам, без дапамогі прадзюсераў, і, адпаведна, сам будзе валодаць сваёй творчасцю. Таксама хацелася б стварыць канцэртны альбом. Наконт гэтага ў нас ужо наладжана сувязь з «Вігмай».

– Вялікі дзякуй за гутарку! Поспехаў!

Падрыхтавала Вольга Паўлушэнка